Русы вызвалены ад пасады памочніка прэзідэнта



Міхаіл Русы ў сувязі з пераходам на выбарную пасаду вызвалены ад пасады памочніка прэзідэнта Беларусі — інспектара па Магілёўскай вобласці. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Як паведамлялася, Русы стаў адным з чатырох прызначаных Лукашэнкам членаў Савета Рэспублікі (яшчэ чатыры месцы ў верхняй палаце з квоты кіраўніка дзяржавы пакуль вакантныя). У Савеце Рэспублікі Русы абраны старшынёй пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні.

Русы быў прызначаны памочнікам прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Магілёўскай вобласці 1 красавіка 2019 года. У канцы сакавіка ён быў адпраўлены ў адстаўку з пасады віцэ-прэм’ера, якую займаў з красавіка 2012 года.

belapan.by