Рыгор Кастусёў: Ужо пачалі правяраць нашу партыю



Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавядае, які лёс можа чакаць у бліжэйшы час некаторыя апазіцыйныя партыі краіны.

 

Мінюст Беларусі заявіў, што іх ведамства ўжо праводзіць праверку адпаведнасці палітычных партый заканадаўству і ўласным статутам.

Апошняя перарэгістрацыя палітычных партый адбылася ў 1999 годзе.

Рыгор Кастусёў: З Міністэрства юстыцыі нам прыйшоў ліст, і мы адказалі на ўсе пытанні, з якімі да нас звярнулася гэтае ведамства. Не так даўно таксама атрымалі лісты з упраўленняў юстыцыі Менгарвыканкама і Менскага аблвыканкама.

Такая ж сітуацыя і ў рэгіёнах, пачалі прыходзіць паведамленні ў структуры ніжэйшага ўзроўню. Таму зараз якраз і заняты тым, што пішам адказы.

РР: На ваш погляд, якая асноўная мэта перарэгістрацыі партый?

Рыгор Кастусёў: Як вядома, дзесяць партый (у тым ліку, і наша) падпісалі заклік да правядзення паўторных выбараў, спынення гвалту і гэтак далей. Не выключаю, што гэты крок не вельмі спадабаўся беларускаму рэжыму, а таму вырашылі нас “перавыхаваць” праз перарэгістрацыю.

Таму не выключаю нават спынення дзейнасці асобных палітычных партый. Мы ведаем, у якой краіне жывем, і ведаем, што ў гэтай краіне законы ўжо наогул не працуюць.

А наша партыя якраз-такі дзейнічае згодна з беларускім заканадаўствам, выконваем усе неабходныя патрабаванні і прадпісанні, таму я не ведаю, да чаго змогуць дачапіцца, каб закрыць партыю. Хаця, паўтаруся, калі законы не працуюць, то ты нікому і нічога не дакажаш нават у тым выпадку, калі супраць цябе будуць дзейнічаць па-за межамі закона.

РР: На ваш погляд, ці пройдуць партыі перарэгістрацыю да канца гэтага года?

Рыгор Кастусёў: Відаць, усё будзе залежыць ад сітуацыі, якая будзе складвацца ў краіне. Калі партыі стануць небяспечнымі для рэжыма і будзе ўказанне спыніць іх дзейнасць, то зробяць гэта ў момант. І да канца года чакаць не будуць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя