Рыгор Кастусёў: Ад усіх гэтых саюзаў беларускі народ толькі страчвае



У Маскве адбываецца паседжанне Саўміна Саюзнай дзяржавы. На ім узгадняюцца так званыя „дарожныя мапы” для паглыблення інтэграцыі Саюзнай дзяржавы. Іх плануецца падпісаць 8 снежня, у дзень 20-годдзя падпісання пагаднення аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Па меркаванню старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, гэта дарэмная згуба часу. Трэба займацца не інтэграцыйнымі праектамі, а ўзмацняць суверэнітэт і незалежнасць краіны. Палітык нават нагадвае нядаўнія словы кіраўніка Беларусі.

– Я гатоў паўтарыць словы Аляксандра Лукашэнкі: нахрэн нам такі Саюз з Расейскай Федэрацыяй на тых няроўных умовах, на якіх ён зараз заключаны, і на тых няроўных умовах, якія могуць быць нам падсунутыя расейскім бокам да 8 снежня? За ўсе гэтыя гады існавання Саюза, не толькі Саюза Беларусі з Расеяй, але і іншых палітычных суб’ектаў на постсавецкай прасторы, беларускі народ у эканамічным плане толькі церпіць вялікія страты.

„Паміж Расеяй і Беларуссю падпісана шмат дамоваў, але яны працуюць вельмі дрэнна, ці не працуюць увогуле. Калі сумленна падлічыць, з-за гэтага саюзу з Расеяй мы атрымалі больш негатыву, больш адмоўнага для краіны і народу, чым карыснага. Таму Партыя БНФ выступае супраць такіх адносінаў, супраць навязвання „паглыбленай інтэграцыі”, – кажа Рыгор Кастусёў.

Беларускае Радыё Рацыя