Рыгор Кастусёў: Партыя БНФ возьме ўдзел у выбарчай кампаніі



Партыя БНФ патлумачыла свой удзел у мясцовых выбарах. З нагоды старту выбарчай кампаніі выступіў з палітычнай заявай старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Як гаворыцца ў  яго заяве, „у Беларусі адсутнічае мясцовае самакіраванне, а мясцовыя саветы дэпутатаў не валодаюць рэальнымі паўнамоцтвамі па вызначэнні дзяржаўнай палітыкі на мясцовым узроўні. Партыя БНФ не разглядае абвешчаныя выбары як паўнавартасную кампанію па рэалізацыі грамадзянамі сваего права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай на мясцовым узроўні”, – кажа Рыгор Кастусёў:

– Партыя БНФ будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, не у выбарах, бо як такавых выбараў няма. Ужо  гатовы спіс на вылучэнне ў тэрытарыяльныя камісіі, у першую чаргу ў абласныя і Менскую гарадскую камісіі. Зразумела, што вынікі выбарчай кампаніі нам ужо вядомыя загадзя. Нічога новага мы ад гэтых выбараў не чакаем. Але мы ставім задачу, менавіта карыстаючыся магчымасцю, праз сустрэчы з людзьмі даносіць ім нашу праграму, нашу пазіцыю партыі БНФ па сітуацыі ў Беларусі і па сітуацыі вакол Беларусі. 

Пры гэтым у заяве падкрэсліваецца, што нягледзячы на запэўніванні кіраўніцтва ЦВК, па выніках выбараў дэпутатаў парламента 2016 года ў выбарчае заканадаўства так і не былі ўнесеныя змены, рэкамендаваныя БДІПЧ АБСЕ, якія маглі б наблізіць краіну да еўрапейскіх стандартаў правядзення выбараў. Пры гэтым Партыя БНФ разам з іншымі партыямі будзе ўдзельнічаць у кампаніі назірання „Права Выбару”.

Нагадаем, выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў прызначаны на 18 лютага наступнага года.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя