Рыгор Кастусёў – пра новыя сведчанні палітычных забойстваў у Беларусі



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў лічыць, што нягледзячы на новыя доказы гвалтоўных выкраданняў і забойстваў апанентаў улады, пры гэтым рэжыме спадзеваў на расследванне і прыцягненне вінаватых да адказнасці няма.

„Па новых сведчаннях экс-байца „эскадрона смерці” Гараўскага датычна палітычных забойстваў дваццацігодовай даўніны пракуратура і следчыя павінны правесці расследванне выкладзеных у заявах гэтага чалавека абставінаў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Але гэта будзе магчыма толькі тады калі ў краіне будзе прававая дзяржава, законнасць і незалежны суд. Пры цяперашніх уладах на гэта спадзеву няма, і ў гэтым ёсць самая сутнасць аўтарытарнай дыктатуры: яна абсалютна не ў стане абараніць людзей ад свавольства і злоўжыванняў з боку дзяржавы, нават ад такіх відавочных злачынстваў.

Але мы мусім казаць пра гэтыя злачынствы дзеля таго, каб палітычныя забойствы не паўтараліся, і каб у будучыні ім была дадзена не толькі палітычная ацэнка (яна вядомая), але і прававая ацэнка належным судом” – заявіў Рыгор Кастусёў у сваім допісе ў фэйсбуку з нагоды новых абставінаў справы зніклых палітыкаў.

Лідар БНФ таксама нагадвае пра справаздачу спецыяльнага прадстаўніка Рады Еўропы Хрыстаса ПургурыдэсаЗніклыя людзі ў Беларусі„:

„На гэты дакумент шмат спасылаюцца, але вельмі рэдка даюць спасылку на сам тэкст. Проста дзеля таго каб было зразумела – цяперашняя інфармацыя з Нямеччыны ёсць дадатковым доказам таго, што ўжо вядома, і што ў прававой дзяржаве даўно ўжо было б падставай для прыцягнення вінаватых да адказнасці,” – адзначае старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.