Рыгор Кастусёў: Шукаем грошы



Старшыня Партыі БНФ распавёў, як яму працуецца на новай пасадзе.

Нагадаем, што Рыгор Кастусёў быў абраны старшынём Партыі 30 верасня.

Рыгор Кастусёў: Па вялікiм рахунку, нічога новага для мяне ў працы няма, бо доўгі час быў намеснікам кіраўніка партыі. Хіба што зараз большы аб’ём працы даводзіцца рабіць.

РР: Пасля з’езда шмат казалі, што ў партыі ёсць складанасці з фінансамі…

Рыгор Кастусёў: На жаль, праблема існуе, таму шукаем грошы. Найперш спрабуем задзейнічаць унутраныя рэзервы, ёсць нейкія ахвяраванні ад сябраў партыі. Спадзяюся, што праблему вырашым, хаця сітуацыя складаная. Багатыя людзі не асабліва ідуць насустрач, даводзіцца збіраць фінансы па кроплі.

РР: Вы ўжо вызначылі свой фармат удзелу ў мясцовых выбарах?

Рыгор Кастусёў: Па-першае, партыя ў выбарчай кампаніі будзе прымаць удзел у любым выпадку. І галоўная наша задача падчас гэтых выбараў – даць дарогу моладзі. Няхай спрабуе сілы, рыхтуецца да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Мы, дарэчы, ужо зараз думаем пра фарміраванне каманды на прэзідэнцкія выбары.

РР: Колькі кандыдатаў плануеце вылучыць на мясцовыя выбары?

Рыгор Кастусёў: Каля ста чалавек. Акрамя таго, прымем удзел у назіранні.

РР: На наступных прэзідэнцкіх выбарах не будзеце вылучаць сваю кандыдатуру?

Рыгор Кастусёў: Пакуль што трэба больш маладых падштурхоўваць да ўдзелу ў вялікай палітыцы, але час пакажа, як будуць складвацца абставіны.

Кастусь Заблойцкі, Беларускае Радыё Рацыя