Лідар БНФ Рыгор Кастусёў сустрэўся з міністрам адукацыі



Нагодай для сустрэчы сталася сітуацыя з пагрозамі адлічэння з магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжу актывіста Моладзі БНФ і сябры БНФ “Адраджэньне” Аляксандра Маскалёва.

Адміністрацыя навучальнай ўстановы не хавае супрацьзаконных палітычных матываў ціску на пасьпяховага ў навучанні студэнта, пагражаючы яму выключэннем у выпадку, калі ён не пакіне шэрагі БНФ.

Падчас сустрэчы Рыгор Кастусёў праінфармаваў міністра адукацыі пра сітуацыю з адлічэннем з беларускіх навучальных установаў студэнтаў і навучэнцаў у сувязі з іх грамадска-палітычнай дзейнасцю. Асобна было адзначана, што супрацьпраўныя дзеянні чыноўнікаў ад адукацыі, якія ажыццяўляюць дыскрымінацыю моладзі на падставе прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў, падпадаюць пад прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкуламі 190 (“Парушэнне раўнапраўя грамадзянаў”) і 194 (“Перашкоды законнай дзейнасці грамадскіх аб’яднаньняў”).

Рыгор Кастусёў падкрэсліў, што практыка пераследу студэнцтва за ўдзел у апазіцыйных партыях і ў грамадскіх яб’яднаннях несумяшчальная з еўрапейскімі стандартамі акадэмічных свабодаў і ставіць пад пагрозу выкананне Беларуссю ўмоваў Балонскага працэсу, да якога нашая краіна далучылася. Такім чынам супрацьпраўнныя і дыскрымінацыйныя дзеянні адміністрацыяў асобных навучальных установаў шкодзяць не толькі канкрэтным студэнтам, але і ўсёй сістэме адукацыі цалкам.

Старшыня Партыі БНФ нагадаў міністру пра абуральныя выпадкі адлічэння ў 2017 годзе з ВНУ лідараў Моладзі БНФ Юрася Лукашэвіча і Ганны Пахолкі (Смілевіч) і запатрабаваў прыняцця захадаў па аднаўленні парушаных правоў студэнтаў і недапушчэнні падобных выпадкаў у будучыні. Рыгор Кастусёў падрэсліў, што сітуацыя вакол навучэнца магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжу актывіста Моладзі БНФ і сябры БНФ “Адраджэньне” Аляксандра Маскалёва знаходзіцца пад яго пільнай увагай.

Падчас сустрэчы міністру адукацыі Ігару Карпенку быў перададзены афіцыйны зварот Партыі БНФ пра сітуацыю з ціскам Аляксандра Маскалёва, на які павінны быць дадзены адказ у адпаведнасці з заканадаўствам пра звароты юрыдычных асобаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота narodny.org