Рыторыку дыктатара разабралі ў Літве



Як Літва збіраецца рэагаваць на заявы Лукашэнкі пра пагрозы? Што можа дапамагчы Еўропе пазбегнуць страшных наступстваў другой хвалі каронавіруса? Пра гэта піша сусветная прэса сёння.

Падрабязнасці свежых артыкулаў даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Міністр абароны Літвы Раймундас Каробліс заявіў, што ягоная краіна не паддасца на правакацыі Лукашэнкі, які загаманіў пра пагрозу вайны, але ў той жа час Літва ўважліва ацэньвае сітуацыю з магчымай дыслакацыяй расейскіх узброеных сіл.

„Наша пазіцыя па-ранейшаму палягае ў тым, што не варта паддавацца правакацыям, мы не лічым, што трэба рэагаваць спецыфічна, што ёсць нейкія пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці або суверэнітэту”, — сказаў міністр. „Літоўская армія з саюзьнікамі працягвае сваю звычайную дзейнасць, мы не думаем, што мы павінны зрабіць свае графікі, нягледзячы на тыя выклікі, якія зыходзяць ад лідара суседняй краіны”, – дадаў Каробліс, яго цытуе Delfi. Прамовы Лукашэнкі аб магчымай вайне і закрыцці межаў міністр назваў спробай вырашыць унутраныя праблемы штучным пошукам вонкавых ворагаў. „Працягваецца тая ж рыторыка, нібыта Беларусь і Лукашэнку атачаюць ворагі. Гэта класічная мадэль таталітарных лідараў — калі ёсць унутраныя праблемы, тады трэба шукаць ворагаў звонку”. Ён сцвярджае, што Літва па працоўных каналах інфармавала Міністэрства абароны Беларусі пра вайсковыя вучэнні ўнутры краіны. Каробліс сцвярджае, што ў працяглай перспектыве занепакоенасць выклікае паглыбленне ваеннай інтэграцыі Расеі і Беларусі. Па словах міністра, з’яўленне расейскіх манеўраных сілаў (палявой арміі) у Беларусі, па сутнасці, зменіць сітуацыю, на якую павінна будзе рэагаваць НАТА. „Пытанне ў тым, якую цану Лукашэнка заплаціць за падтрымку Расеі. Мы чулі пра паскоранае стварэнне саюзнай дзяржавы. Важна, якімі будуць наступствы ў ваенным сэнсе”, — сказаў кіраўнік Мінабароны. „Рэагаванне на гэта было б выклікам і для нас, і для Польшчы, і для ўсяго НАТА з пункту гледжання планавання і ў іншых аспектах”, — адзначыў Каробліс. Па словах міністра, няма канкрэтных прыкмет дыслакацыі расейскай арміі ў Беларусі, але заявы аб сумеснай „ахове саюзнай мяжы” — гэта новыя сігналы, таму варта імкнуцца сачыць за тым, якія дзеянні рушаць услед за гэтым, піша Delfi.

Паспяхова справіўшыся з першай хваляй захворвання і смяротнасці, Еўропа напярэдадні зімы перажывае другую хвалю covid-19, спрабуючы разабрацца, што пайшло не так. Абмежаванні ўводзяць Вялікабрытанія, Іспанія, Францыя, Чэхія і іншыя краіны. Але Еўропа можа знайсці пэўнае суцяшэнне ў сваім досведзе, піша CNN. Па дадзеных Еўрапейскага цэнтра прафілактыкі і кантролю захворванняў, узровень смяротнасці ў краінах Еўропы заставаўся стабільным на працягу 72 дзён, хоць у Балгарыі, Харватыі, на Мальце, у Румыніі і Іспаніі быў зафіксаваны рост ўзроўню смяротнасці. Існуе некалькі фактараў, якія могуць растлумачыць такое рэзкае пагаршэнне сітуацыі. Бягучы рост захворвання пачаўся адразу пасля сезона летніх адпачынкаў, калі супрацоўнікі арганізацый пачалі вяртацца ў цэнтры гарадоў, а дзеці зноў пайшлі ў школу. Сусветная арганізацыя аховы здароўя выказала здагадку, што рост захворвання збольшага тлумачыцца змякчэннем і скасаваннем каранцінных захадаў, а таксама тым, што людзі забыліся пра асцярожнасць. У нядзелю, 20 верасня, улады Злучанага Каралеўства абвясцілі, што пачынаючы з 28 верасня людзі са станоўчым вынікам тэста на каронавірус і тыя, хто знаходзіўся з імі ў блізкім кантакце, будуць па законе абавязаныя заставацца на самаізаляцыі і што ў адваротным выпадку ім пагражаюць штрафы ад 1000 да 10000 фунтаў стэрлінгаў. Паводле заявы ўрада, людзі з нізкім узроўнем даходу атрымаюць ад уладаў выплаты ў памеры 500 фунтаў стэрлінгаў. У Злучаным Каралеўстве быў зафіксаваны самы высокі ўзровень смяротнасці сярод еўрапейскіх краін – больш за 40 тысяч, і на гэтым тыдні ў Англіі былі ўведзеныя новыя абмежаванні на сходы. Пачынаючы з нядзелі рэстараны, кафэ і бары ў шасці рэгіёнах Нідэрландаў сутыкнуцца з новымі абмежаваннямі. 18 верасня ў Італіі зафіксавалі самы высокі паказчык заражэнняў covid-19, пачынаючы з траўня: 1907 выпадкаў за суткі. У Польшчы 19 верасня, былі зарэгістраваныя рэкордныя 1002 выпадкі заражэння. Такія краіны, як Грэцыя і Харватыя, якія не надта моцна пацярпелі падчас першай хвалі, сутыкнуліся з імклівым ростам захворвання ў жніўні, таму што пасля адкрыцця межаў унутры Еўропы ў чэрвені туды кінуліся турысты. Але Еўропа можа знайсці пэўнае суцяшэнне ў сваім досведзе. Прафесар Марк Вулхаус, эпідэміёлаг з Эдынбургскага ўніверсітэта, сказаў у сваім інтэрв’ю CNN, што першы каранцін «у прынцыпе не мог вырашыць гэтую праблему ў Еўропе ці нейкіх іншых краінах — ён проста яе адтэрмінаваў».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: daily.rbc.ua