Сайдзік: Пакуль рана казаць пра ўвядзенне міратворчай місіі ААН на Данбас



Казаць пра ўвядзенне міратворчай місіі ААН у зону канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны пакуль занадта рана, лічыць спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік.

Сваё меркаванне па гэтым пытанні дыпламат выказаў журналістам 14 лютага ў Менску па выніках чарговага раўнда перамоваў трохбаковай кантактнай групы.

„Я думаю, што сапраўды занадта рана пра гэта казаць, таму што ёсць пакуль толькі гэтая прапанова ад Расейскай Федэрацыі — праект рэзалюцыі. Мы больш нічога не ведаем”, — заявіў Сайдзік.

Пры гэтым дыпламат, паводле яго слоў, крытычна ставіцца да прапаноў, якія гучаць з боку Украіны, аб карэкціроўцы мінскіх пагадненняў у сувязі з магчымым увядзеннем міратворцаў. „Я асабіста лічу, што мінскія пагаднення вельмі моцныя, устойлівыя. І я думаю, што самае галоўнае, калі будзе місія — мэтай гэтай місіі павінна быць менавіта ажыццяўленне мінскіх пагадненняў”, — сказаў прадстаўнік АБСЕ.

14 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што Узброеныя сілы краіны гатовыя пры выкананні ўсіх неабходных умоў накіраваць міратворцаў на Данбас.

Паводле слоў Раўкова, у 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску ёсць міратворчая рота са 100 ваеннаслужачых, 50 з іх пастаяннага складу, 50 — пераменнага. Яны вывучаюць англійскую мову, праходзяць падрыхтоўку ў розных дзяржавах, якія маюць вопыт міратворчай дзейнасці.

„Гэта падраздзяленне на сённяшні дзень гатова выконваць задачы ў любым рэгіёне свету. Гэта не праблема”, — заявіў міністр.

belapan.by