Самалёт „Белавіі” больш за тры гадзіны кружыў над аэрапортам



Авіякампанія „Белавія” расказала, чаму борт „Менск – Ташкент” вымушаны быў вярнуцца ў Менск 21 снежня.

Як паведамляе кампанія, на этапе пачатковага набору вышыні экіпаж выявіў, што сістэма герметызацыі паветранага судна працуе некарэктна. Экіпаж прыняў рашэнне вярнуцца ў аэрапорт у Менск, каб праверыць працу сістэмы.

Самалёт выпрацаваў паліва і прызямліўся ў менскім аэрапорце ў 23:30. Пасажыры рэйса вылецелі ў Ташкент у 1.20 на рэзервовым самалёце. Палёт прайшоў у штатным рэжыме.

***

Самалёт Boeing-737 кампаніі „Белавія” рэйсам Менск-Ташкент больш за тры гадзіны кружыў над Нацыянальным аэрапортам „Менск”. Самалёт вылецеў з аэрапорта ў 20:15 і павінен прыбыць у ташкенцкі аэрапорт праз 5 гадзін. Але над Быхавам ён развярнуўся і паляцеў назад, адзначае прэс-служба менскага аэрапорта. Паводле неафіцыйных звестак, на борце ўзніклі праблемы з сістэмай кандыцыявання. Сядаць з поўнымі бакамі самалёту небяспечна, таму ён некалькі гадзін кружыў над Нацыянальным аэрапортам. Пасадка адбылася ў 23:30 і прайшла паспяхова, у штатным рэжыме.