„Саступкі Пуціну”: Карбалевіч пракаментаваў прызнанне Лукашэнкам Крыма



Палітычны аналітык Валерый Карбалевіч у нашым эфіры пракаментаваў апошнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі ў бок Масквы. Найперш, ён заявіў, што калі ўскладніцца ваенны канфлікт паміж Масквой і Кіевам, Беларусь «вядомая справа будзе па расейскім баку», пазней Лукашэнка прызнаў, што гатовы прызнаць Крым – расейскім. Тут Лукашэнка вырашыў ахвяраваць не толькі рэпутацыяй краіны, кажа палітычны аналітык Валерый Карбалевіч, але таксама і эканамічнымі добрымі адносінамі з Украінай. Рэакцыя Кіева можа быць вельмі балючай, калі яны далучацца да еўрапейскіх і амерыканскіх санкцый.

РР: Лукашэнка завіў, што гатовы прызнаць Крым. Гэта, здаецца ўжо лёсавызначальная заява?

– Не ведаю, як лёсавызначальная, але безумоўна гэта важная падзея. Гэты ягоны крок больш іміджавы, больш псіхалагічны. Ён стварае ўражанне ва ўсіх замежнікаў, што суверэнітэт Беларусі рэзка змяншаецца. Прызнанне Крыму – гэта моцны ўдар па рэпутацыі, гэта ператварэнне краіны ў іншы статус, статус нейкай марыянеткі, статус краіны кшталту Абхазіі ці Паўднёвай Асеціі, то бок вельмі моцна залежных ад Расеі. І калі Лукашэнка рашыўся на такі крок, разумеючы ўсе іміджавыя наступствы, значыць ён хоча атрымаць узамен нешта вельмі важнае ад Пуціна. Калі вырашыў больш ударыць па сваёй уласнай рэпутацыі, бо для яго вельмі важна выглядаць моцным, крутым у вачах зразумела не Еўрапейцаў, але ў постсавецкіх краін, Азіі, Кітая, Турэччыны, умоўна кажучы, блізкага Ўсходу. Выглядаць у іх вачах як чалавек, які моцна залежыць ад Расеі – вельмі дрэнна. Але ён на гэта пайшоў.

РР: У чым увогуле гэтая палітычная падаплёка прызнання Крыму, бо калі задумацца – Крым таксама «Саюзная Дзяржава», Расейская тэррыторыя?

– Бачыце, дасюль Лукашэнка ўсяляк ухіляўся ад нейкага адназначнага і канкрэтнага рашэння па гэтым пытанні. Тым больш, што гэта даволі далікатная сітуацыя, бо няма нейкай юрыдычнай нормы: што такое прызнанне Крыма расейскім ці непрызнанне? Калі прызнаць незалежнасць Абхазіі ці Новай Асеціі – то там ясна: там трэба нейкае палітычнае рашэнне, потым абмен прадстаўніцтвамі, і гд. Дастаткова зразумелыя працэдуры ў сусветнай прававой практыцы. А вось знаходжанне той ці іншай тэррыторыі ў складзе той ці іншай краіны – вось гэта неяк не вызначана нейкімі зразумелымі працэдурамі.

Цалкам размова:

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю расейскаму журналісту Дзмітрыю Кісялёву заявіў, што Крым пасля рэферэндуму зʼяўляецца расейскім дэ-факта і дэ-юрэ. Ён таксама распавёў, што збіраецца паехаць у Крым, у прыватнасці ў Севастопаль. Такім чынам, паводле словаў Лукашэнкі, візіт будзе азначаць прызнанне яго расейскай тэрыторыяй.

Беларускае Радыё Рацыя