Савет ААН заклікаюць тэрмінова абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі



Савет ААН па правах чалавека павінен тэрмінова склікаць спецыяльную сесію для вырашэння крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, дзе пасля прэзідэнцкіх выбараў улады пачалі поўнамаштабныя рэпрэсіі, гаворыцца ў адкрытым лісце Amnesty International і 15 міжнародных і беларускіх НКА да галоўнага праваабарончага органа ААН.

У лісце таксама ўтрымліваецца заклік да Савета ААН правесці незалежнае расследаванне парушэнняў правоў чалавека.

„Выбарчая кампанія 2020 года адзначылася беспрэцэдэнтным узроўнем пратэстнай актыўнасці і такім жа беспрэцэдэнтным задушэннем правоў чалавека з боку ўладаў. Паліцыя ўжывала празмерную сілу, у тым ліку святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі і вадамёты, супраць мірных дэманстрантаў, прымяняла да іх збіццё і катаванні ва ўмовах утрымання без сувязі са знешнім светам. Акрамя таго, некалькі пратэстоўцаў былі забітыя. Улады паказалі, што яны без ваганняў прыменяць гвалт супраць сваіх уласных грамадзян і што яны маюць намер перашкаджаць расследаванню на нацыянальным узроўні злоўжыванняў праваахоўных органаў”, — заявіла дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс.

„Мы занепакоеныя тым, што калі дзеянні ўладаў застануцца беспакаранымі, то на вуліцах Беларусі пральецца яшчэ больш крыві. Савет ААН па правах чалавека павінен даручыць правесці міжнароднае расследаванне парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў па міжнародным праве, учыненых напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў, з мэтай найхутчэйшага прадухілення далейшых сур’ёзных парушэнняў”, — дапоўніла яна.

Адкрыты ліст падпісаны ў тым ліку Human Rights Watch, Міжнароднай федэрацыяй па правах чалавека (FIDH), а таксама беларускімі праваабарончымі арганізацыямі — Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Беларускім Хельсінкскім камітэтам, пазбаўленым дзяржрэгістрацыі праваабарончым цэнтрам „Вясна” і іншымі.

Адзначаецца, што цягам трох дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня ўлады пацвердзілі арышт прынамсі 6.700 пратэстоўцаў. Паводле дадзеных цэнтра „Вясна”, па меншай меры 450 затрыманых паведамілі аб катаваннях, у тым ліку аб жорсткіх збіваннях ці іншых формах жорсткага абыходжання, прымусе да здзяйснення зневажальных дзеянняў, пагрозах згвалтавання і іншых формаў гвалту, а таксама ўтрыманні пад вартай без сувязі са знешнім светам на працягу 10 дзён.

„З 12 жніўня ўлады распачалі захады па дээскалацыі сітуацыі, устрымаўшыся ад масавых арыштаў і вызваліўшы ўсіх раней затрыманых. Аднак пагрозы на адрас мірных дэманстрантаў, нядаўна выказаныя прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і яго падначаленымі, а таксама нядаўняе разгортванне ўзброеных сіл у сталіцы краіны Менску і іншых месцах сігналізуюць аб магчымым новым вітку гвалту і спадарожных яму парушэннях правоў чалавека”, — канстатуюць падпісанты адкрытага ліста.

belapan.by