Савет Еўропы асудзіў чарговы смяротны прысуд у Беларусі



Савет Еўропы асуджае смяротны прысуд, абвешчаны 30 ліпеня Віцебскім абласным судом. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Савета Еўропы Дэніэль Хольтген на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

„Смерць не з’яўляецца справядлівасцю, — адзначыў ён. — Мы паўтараем свой заклік да ўладаў увесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання ў якасці першага кроку да яго адмены”.

30 ліпеня Віцебскі абласны суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання жыхара Віцебскага раёна Віктара Паўлава, прызнанага вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак у вёсцы Прысушына (ч. 2 арт. 139 КК).

Раней Следчы камітэт паведаміў, што 3 студзеня 2019 года па месцы жыхарства былі знойдзены целы родных сясцёр, 78-гадовай і 76-гадовай, з цялеснымі пакалечаннямі. У выніку абходу і апытання мясцовага насельніцтва, а таксама адпрацоўкі асоб, якія ўяўлялі аператыўную цікавасць, супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі падазраванага ў здзяйсненні злачынства. Па месцы жыхарства ў суседняй вёсцы быў затрыманы мужчына 1969 года нараджэння. Падчас расследавання было ўстаноўлена, што ён перыядычна дапамагаў жанчынам па гаспадарцы і ведаў, дзе могуць захоўвацца іх грошы. Паводле версіі следства, днём 30 снежня 2018 года „з мэтай здзяйснення разбойнага нападу і забойствы” ён пранік у дом, дзе жылі пенсіянеркі, напаў на іх, стаў наносіць множныя ўдары драўлянай палкай. У выніку пацярпелыя памерлі на месцы здарэння. „Пасля гэтага абвінавачваны завалодаў маёмасцю і грашовымі сродкамі пенсіянерак на агульную суму не меншую як 179 рублёў”, — гаварылася ў паведамленні СК.

belapan.by