СБУ просіць патлумачыць заяву Лукашэнкі пра трэніровачныя лагеры ва Украіне



Служба бяспекі Украіны (СБУ) звярнулася да беларускіх калег з просьбай патлумачыць, што меў на ўвазе Аляксандр Лукашэнка, калі заявіў  пра затрыманне баевікоў, якія нібыта праходзілі падрыхтоўку ў трэніровачных лагерах на ўкраінскай тэрыторыі. Пра гэта на брыфінгу 22 сакавіка ў Кіеве паведаміў кіраўнік апарата старшыні СБУ Аляксандр Ткачук, перадае выданне „Украинская правда”.

„Што тычыцца заяваў, што на тэрыторыі Украіны дзейнічаюць нейкія лагеры, то нашай службай адпраўлены афіцыйны запыт, і мы чакаем дадатковую інфармацыю нашых калегаў. Пакуль што дэталёвай інфармацыі акрамя таго, што прагучала з вуснаў прэзідэнта Беларусі, у нас няма”, — сказаў Ткачук.

Аб затрыманні баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй, Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 сакавіка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць. Так, адказваючы на пытанне аднаго з супрацоўнікаў прадпрыемства „Кранаспан”, які пацікавіўся „пра прычыны актывізацыі ў апошні час так званай пятай калоны і розных апазіцыйных структур”, прэзідэнт сказаў: „Як паказала рэчаіснасць, яны не спалі, яны паціху рыхтаваліся на выпадак, выбіралі момант”.

„Яны не толькі не спалі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лагерах са зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў. Астатнія лагеры — ва Украіне. Па-мойму, у Літве ці ў Польшчы, не буду сцвярджаць, але недзе там. Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзесяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка паабяцаў, што пасля грамадскасці будзе прадстаўленая больш шырокая інфармацыя аб гэтым факце. „Дзякуй, што ёсць беларусы і беларускі сапраўдныя, якія, быўшы за мяжой — у Еўрасаюзе, — папярэдзілі нас. Жанчына прыйшла ў пасольства і папярэдзіла, афіцыйна напісала ліст: рыхтуецца правакацыя. І мы пачалі разбірацца. І сапраўды выйшлі на вельмі цікавыя рэчы”, — сказаў Лукашэнка.

Як паведамлялася раней, вечарам 21 сакавіка ў Беларусі былі затрыманыя двое былых актывістаў моладзевай патрыятычнай арганізацыі „Белы легіён”, якая фактычна спыніла сваё існаванне яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў, — супрацоўніка выдавецтва „Кнігазбор” Міраслава Лазоўскага і супрацоўніка МНС Андрэя Дундукова. Таксама быў затрыманы распаўсюднік беларускамоўных кніг Алесь Яўдаха, па неафіцыйнай інфармацыі, паводле падазрэння ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

22 сакавіка стала вядома пра затрыманне вайскоўца Яна Міхалькова, сына кіраўніка бабруйскага ваенна-патрыятычнага клуба „Патрыёт”. Усяго, паводле непацверджанай пакуль інфармацыі, затрымалі больш за дзясятак чалавек, сярод якіх ёсць супрацоўнікі сілавых структур і пагранічных органаў. Некаторыя з іх, верагодна, якім-небудзь чынам звязаныя з клубам „Патрыёт”.

БелаПАН

Фота ТАСС