Севярынец зладзіў акцыю ля Адміністрацыі прэзідэнта



Позвы на адстаўку дармаедаў уручаныя супрацоўнікам Адміністрацыі прэзідэнта. Акцыю правёў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец у знак пратэсту супраць дзеяння „дэкрэту аб дармаедах”.

„Тыя людзі, якія 22 гады абіралі беларускі народ і сядзелі ў яго на карку, цяпер патрабуюць з яго апошнія грошы”, – кажа Павел Севярынец.

– Беларускі народ у адказ прапануе такім чыноўнікам сысці. Перадача позваў у Адміністрацыю – гэта вынікі галасавання ў акаунце „Белсата” у “Аднакласніках”. Больш чым 180 тыс чалавек выказалі сваё абурэнне і патрабаванне адмяніць дэкрэт Лукашэнкі. У сваім звароце я заклікаю сыходзіць у адстаўку Лукашэнку, Адміністрацыю і ўрад. Гэта такія позвы дармаедам, скажам так.

Праз галоўны ўваход Адміністрацыі прэзідэнта Паўла Севярынца не пусцілі, аднак позвы былі прынятыя ў Прыёмнай прэзідэнта, дзе былі нават адпаведным чынам зарэгістраваныя. Акцыя скончылася без аніякіх эксцэсаў.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота svaboda.org