Шапіра вызвалены з пасады кіраўніка Менаблвыканкама



Сямён Шапіра вызвалены з пасады старшыні Менскага абласнога выканаўчага камітэта ў сувязі з пераходам на іншую працу. Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Як перадаваў БелаПАН, на мінулым тыдні 55-гадовы Сямён Шапіра быў абраны старшынём асацыяцыі „Федэрацыя хакея Беларусі”. Ён змяніў 49-гадовага Ігара Рачкоўскага, які кіраваў федэрацыяй з кастрычніка 2014 года. Кандыдатуру Шапіры на разгляд канферэнцыі ўнеслі гродзенская абласная федэрацыя хакея і ХК „Нёман” (Гародня), які ў мінулым сезоне стаў чэмпіёнам краіны.

„Мая асноўная пасада — гэта рашэнне кіраўніка дзяржавы. Ці магу я сумяшчаць альбо трэба цалкам аддацца хакею — гэта будзе рашэнне кіраўніка дзяржавы. Так працуе наша дзяржава, што „губернатар” — гэта чалавек, якога вызначае кіраўнік дзяржавы. Але я глыбока перакананы, што у любым выпадку цалкам буду займацца добрасумленным чынам. Вядома, я разумею, што для таго, каб дасягнуць чагосьці, трэба гэтай справай займацца, а не працаваць на два фронты. Але гэта не маё рашэнне, яшчэ раз падкрэсліваю”, — заявіў журналістам Шапіра пасля заканчэння справаздачна-выбарчай канферэнцыі ФХРБ 20 мая.

Шапіра адзначыў, што яго нельга знайсці ў спісе хакеістаў, хоць „прэзідэнт заявіў, што федэрацыі павінны ўзначальваць людзі, якія гулялі раней”. „Я ўсё жыццё працаваў у іншых сферах: кіраваў сельгаспрадпрыемствам, Мінсельгасхарчам. Але, калі быў старшынёй Гарадзенскага аблвыканкама, я палюбіў хакей, і разам з [старшынёй праўлення ХК „Нёман”] Анатолем Міхайлавічам [Варывончыкам] мы вырашылі зрабіць так, каб гарадзенцы радаваліся поспехам „Нёмана”, — сказаў ён.

Паводле слоў Шапіры, яго ведаюць як чалавека жорсткага і патрабавальнага. „Расхлябанасці быць не павінна”, — падкрэсліў кіраўнік ФХРБ.

Сямён Шапіра нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Рэчань Любанскага раёна Менскай вобласці. Доктар эканамічных навук, прафесар. Працаваў галоўным эканамістам саўгаса „Камсамолец” (Дзяржынскі раён), старшынёй СКП „Маяк” (Дзяржынскі раён). У 1999—2004 гадах працаваў у сістэме Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. З 2004 года — генеральны дырэктар ААТ „Агракамбінат” Дзяржынскі”. З красавіка 2008 года — міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. З мая 2010 года — старшыня Гарадзенскага аблвыканкама. Старшынёй Менаблвыканкама Шапіра быў з лістапада 2013 года.

belapan.by