Шасці дэпутатам сейма Літвы адмоўлена ў выдачы беларускіх віз



Шасці дэпутатам сейма Літвы, якія планавалі 11 верасня ўзяць удзел у дыскусіі „Рэгіянальная бяспека і вучэнні „Захад-2017″: погляд з Менска, Вільнюса, Варшавы і Кіева”, адмоўлена ў выдачы беларускіх віз, паведаміў БелаПАН старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

„Сёння на працягу дня ў пасольстве Беларусі ў Літве некалькі разоў адсоўвалі час абвяшчэння канчатковага рашэння. І вось у 15.00 да дэпутатаў было даведзена, што ім адмоўлена ў атрыманні візы без тлумачэння падстаў”, — сказаў ён.

Паводле слоў Лябедзькі, удзел у дыскусіі планавалі ўзяць дэпутаты розных фракцый (сацыял-дэмакраты, кансерватары, „зялёныя”). Сярод тых, каму адмоўлена ў атрыманні візы, былы міністр замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс і былы міністр абароны Раса Юкнявічэне.

„Гэта відавочна палітычнае рашэнне, якое мае на мэце так ці інакш сарваць дыскусію па праблеме рэгіянальнай бяспекі вызначаным складам удзельнікаў. Іншых тлумачэнняў я не бачу. Ніхто з дэпутатаў сейма не быў заўважаны ў нейкім радыкалізме. Яны раней прыязджалі ў Беларусь. Не разумею, на якім узроўні прымалася гэтае рашэнне, але скандал выходзіць за межы Беларусі і Літвы, бо дэпутаты ўваходзяць у дэлегацыі розных міжнародных арганізацый, напрыклад, у парламенцкія асамблеі АБСЕ і НАТА. Падобныя дзеянні знаходзяцца ў кантрасце з заявамі беларускіх уладаў аб дыялогу з еўрапейцамі”, — сказаў Лябедзька.

Палітык паведаміў, што дыскусія 11 верасня адбудзецца ў любым выпадку, дэпутаты літоўскага сейма змогуць узяць у ёй удзел у фармаце відэаканферэнцыі.

Лябедзька таксама адзначыў, што ў Літве рыхтуецца заява па сітуацыі з адмовай у выдачы візаў, якая „пойдзе па міжнародных каналах”. „Яны лічаць гэтае рашэнне недружалюбным і нецывілізаваным”, — сказаў суразмоўца.