Што будзе з “палітычнымі дармаедамі”?



Барацьба з дармаедамі працягваецца, Лукашэнка запатрабаваў рашучых мер, каб прымусіць гультаёў працаваць. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і палітзняволены Сяргей Скрабец адзначае, што ў Беларусі ёсць яшчэ і падкатэгорыя “палітычныя дармаеды”, якіх могуць адправіць за краты.

Сяргей Скрабец: Тых, хто з-за сваё актыўнай грамадзянскай пазіцыі не можа ўладкавацца на працу, вельмі шмат у краіне. Нязгодных звальняюць, далей знайсці работу практычна немагчыма. Многія зарабляюць на жыццё літаратурнай дзейнасцю, шукаюць нейкае іншае выйсце. Але праблема рэальна існуе.

РР: Вы не працуеце ўжо дзесяць гадоў пасля таго, як выйшлі з-за кратаў?

Сяргей Скрабец: Так, увесь гэты час я не магу знайсці пастаяннае месца працы. Гэтым летам спрабаваў уладкавацца майстрам ЖКГ, але трэба было прайсці суразмоўе з трыма ідэолагамі – раённым, абласным і рэспубліканскім. На раённым мяне і “зрэзалі”. І зарплата маленькая (3 мільёны рублёў), і спецыялістаў не хапае, але ж не бяруць “апанентаў улады”. Вось і з’яўляюцца “дармаеды”. Сама дзяржава іх і нараджае.

РР: А дзе вы працавалі за гэты час?

Сяргей Скрабец: Дворнікам, грузчыкам, таксістам, у лазні… Некаторыя работы былі сезонныя, з іншых негалосна “папрасілі”. Напрыклад, у ФАК, дзе я працаваў, павінны былі прыехаць высокія чыноўнікі, таму, відаць, пабаяліся, каб чаго не ўтварыў. Да таго ж, па судоваму іску я яшчэ павінен грошы дзяржаве, таму на рабоце пра гэта бухгалтэрыя ведае. Амаль ніякіх шанцаў доўга адпрацаваць.

РР: Колькі вы яшчэ павінны па іску?

Сяргей Скрабец: Паўтары мільярды рублёў. Сума яшчэ і павялічваецца ў сувязі з інфляцыяй.

РР: Зараз барацьба з дармаедамі ў самым разгары. На вашу думку, які лёс чакае тых “палітычных”, якія не могуць уладкавацца на працу?

Сяргей Скрабец: Не выключана, што адправяць за краты перад выбарамі. Можа быць, такім чынам хочуць, каб палітычна актыўныя людзі з’ехалі з краіны. Але мне, напрыклад, выезд з Беларусі забаронены ўжо 10 гадоў. Атрымоўваецца замкнёнае кола.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]