Што будзе з вайсковымі аб’ектамі РФ у Беларусі пасля 2020?



Міністэрства абароны і Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь накіравалі свае адказы на зварот Партыі БНФ датычна набліжэння да заканчэння тэрміну знаходжання ў Беларусі вайсковых аб’ектаў Расейскай Федэрацыі.

Цяпер на тэрыторыі Беларусі размешчаныя два расейскія вайсковыя аб’екты: 43-і вузел сувязі ВМФ Расеі “Вілейка” (радыёстанцыя “Антэй”) побач з Вілейкай, і радыёлакацыйная станцыя “Волга” дэцыметровага дыяпазону (вузел “Баранавічы”) у складзе расейскай сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, размешчаная на поўнач ад горада Ганцавічы.  Знаходжанне гэтых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі рэгулюецца міжнароднымі дамовамі, што былі заключаныя ў 1995 годзе паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расейскай Федэрацыі. Тэрмін дзеяння гэтых пагадненняў складае 25 гадоў і неўзабаве набліжаецца да заканчэння.

У сваім адзказе на зварот Партыі БНФ міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў паведамляе, што пагадненні пра размяшчэнне азначаных вайсковых аб’ектаў уступілі ў сілу для Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1996 года (і, адпаведна, дзейнічаюць да 7 чэрвеня 2021 году), а пра намер адмовіцца ад далейшага працягу гэтых дамоваў Рэспублікі Беларусь можа паведаміць расейскаму боку ў тэрмін да 6 чэрвеня 2020 года.

Міністэрства абароны адзначае, што ацэнка мэтазгоднасці працягу ці спынення гэтых дагавораў будзе ажыццяўляцца Міністэрствам абароны з улікам нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Прапановы аб спыненні дзеяння міжнародных дамоваў могуць быць накіраваныя дзяржаўнымі органамі ў Савет Міністраў, у чыёй кампетэнцыі знаходзяцца гэткія пытанні.

Таксама адказ па праблеме расейскіх вайсковых аб’ектаў у Беларусі паступіў у Партыю БНФ і з Дзяржаўнага сакратарыяту Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. Гэты дзяржаўны орган адзначае, што пытанне пра дзеянне беларуска-расейскіх пагадненняў будзе разглядацца з улікам абставінаў і прапановаў, якія былі выкладзеныя у звароце  БНФ.

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, партыя будзе працягваць уздымаць на палітычны парадак дня пытанне немэтазгоднасці працягу размяшчэння ў Беларусі вайсковых аб’ектаў узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі:

„Партыя БНФ лічыць непрымальным знаходжанне расейскіх вайсковых аб’ектаў у Беларусі. Гэтыя аб’екты робяць нашую краіну мішэнню ў выпадку канфлікту Расеі з Захадам, што асабліва небяспечна у сітуацыі эскалацыі міжнароднай напружанасці ў рэгіёне ў выніку расейскай агрэсіі супраць шэрагу суседніх краінаў. Аргументы, якія выкарыстоўваліся ў абгрунтаванне размяшчэння гэтых аб’ектаў у Беларусі ў сяродзіне 90-х (маўляў, Расея за гэта дае Беларусі зніжку на энерганосбіты) больш не маюць вагі: аніякае вайсковае партнёрства не спыняе нафта-газавы шантаж з боку Расеі, не спыняе шматлікіх гандлёвых войнаў. Аб’екты „Вілейка” і „Баранавічы” – гэта пісталет, які РФ прыставіла да скроні Беларусі. Працяг гэткага становішча недапушчальны – знаходжанне ў Беларусі расейскіх войскаў ёсць найвялікшай пагрозай для нацыянальнай бяспекі Беларусі. У бліжэйшы час БНФ плануе правесці далейшае абмеркаванне гэтай праблемы з мэтай прыцягнення да яе грамадскай увагі.

Вельмі важна, што беларускі народ не падтрымлівае размяшчэння ў Беларусі расейскіх войскаў –гэта было відавочна падчас няўдалай авантуры са спробамі прымусіць Беларусь даць згоду на размяшчэнне паўнавартаснай расейскай авіябазы на беларускай зямлі. Упэўнены, што падчас наступных прэзідэнцкіх выбараў, якія прыпадаюць акурат на час заканчэньня тэрміну дзеяння арэнды расейскіх вайсковых аб’ектаў, пытанне пра недапушчальнасць працягу іх далейшага знаходжання ў Беларусі будзе адным з найважнейшых” – сказаў старшыня БНФ Рыгор Кастусёў.

narodny.org