Што чакаць ад сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу?



Пасля запланаванай на 17-18 ліпеня сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна выразнасці ў пытаннях інтэграцыі дзвюх краін не стане больш. Такая выснова ўтрымліваецца ў апублікаваным 16 ліпеня чарговым выпуску аналітычнага агляду „Мінскі барометр”, падрыхтаваным Саветам па знешняй палітыцы „Мінскі дыялог”.

„Нельга разлічваць, што ўжо 18 ліпеня, на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу на форуме рэгіёнаў Расеі і Беларусі, будзе дасягнутая яснасць у пытаннях інтэграцыі і адмовы ад яе фарсавання. Хутчэй за ўсё, поспехі інтэграцыйных парываў у выглядзе дзясятка дарожных карт па збліжэнні канкрэтных палітык будуць выстаўленыя ў лістападзе — да юбілею Саюзнай дзяржавы і выбарчай кампаніі ў Беларусі”, — адзначаецца ў аглядзе.

Аналітыкі падкрэсліваюць, што як толькі роля Беларусі ў транзіце расейскай нафты скарацілася з-за сітуацыі з яе забруджваннем, з расейскага боку „амбіцыі і чаканні ад „паглыблення інтэграцыі” знізіліся да рэалістычных”.

У аглядзе адзначаецца, што на працягу траўня-чэрвеня прыкметна знізілася канфрантацыйнасць у адносінах Менска і Масквы, „нават нягледзячы на ўздзеянне такой сур’ёзнай крыніцы напружання, як аварыя на нафтаправодзе „Дружба”. „Хутчэй, наадварот: сумесныя дзеянні па ачыстцы магістральнага нафтаправода ад забруджанай нафты і намаганні па аднаўленні расейскага транзіту ў ЕЗ ствараюць перадумову для кампраміснага вырашэння спрэчных пытанняў, уключаючы і кампенсацыю за аварыю”, — лічаць эксперты.

На думку аналітыкаў „Мінскага дыялогу”, прызначэнне новага пасла Расеі ў Беларусі Дзмітрыя Мезенцава замест Міхаіла Бабіча, які выклікаў рэзкую крытыку беларускага МЗС сваімі дзеяннямі, таксама пазітыўна паўплывала на танальнасць адносін. „Акрамя таго, прадметная праца над рэвізіяй саюзнага дагавора зблізіла пазіцыі беларускай і расейскай рабочых груп па найбліжэйшых перспектывах Саюзнай дзяржавы. Правядзенне ў Менску Другіх Еўрапейскіх гульняў і ўдзел у іх расійскай дэлегацыі таксама садзейнічалі паляпшэнню атмасферы ўзаемадзеяння”, — гаворыцца ў аглядзе.

Сітуацыя з бруднай нафтай, на думку аналітыкаў, „нарадзіла не менш як пяць праблемных пытанняў”: „Тэхналагічная праблема ачысткі нафтаправода і аднаўлення яго працы, прыняцце мер бяспекі для прадухілення такіх выпадкаў у будучыні, скарачэнне значэння нафтаправода „Дружба” ў расейскім транзіце нафты, ацэнка і кампенсаванне расейскім бокам шкоды ад забруджання нафты, размеркаванне адказнасці за аварыю і яе наступствы паміж урадам, нафтавымі кампаніямі і „Транснефцю” ў Расеі”.

Эксперты прагназуюць зніжэнне транзіту расейскай нафты цераз беларускую тэрыторыю ў 2020 годзе, аднак лічаць, што гэтага атрымаецца пазбегнуць пры зацікаўленасці Менска. „Скарачэнне ролі беларускай „Дружбы” ў расейскім транзіце пагаршае пазіцыі афіцыйнага Менска ў перамовах аб умовах пастаўкі і транзіту нафты ў Беларусь. Аднак аварыя, віна за якую ляжыць на расейскім баку, партнёрская пазіцыя Беларусі ў гэтым надзвычайным здарэнні, а таксама складаныя ўзаемаадносіны паміж „Транснефцю” і „Раснефцю” з аднаго боку і паміж „Транснефцю” і расейскім урадам — з іншага пакідаюць шанцы на працяг спрыяльных для Беларусі ўмоў паставак і транзіту нафты на 2020 год”, — лічаць прадстаўнікі „Мінскага дыялогу”.

belapan.by

Фота БелТА