Што дасць Беларусі «в’етнамcкі накірунак»?



Палітолаг Андрэй Фёдараў ацаніў перспектывы беларуска-в’етнамскага супрацоўніцтва.

Нагадаем, у Менск з афіцыйным візітам наведаўся прэзідэнт В’етнама Чан Дай Куанг. Па выніках сустрэчы было заяўлена, што “Беларусь разлічвае на развіццё палітычных і гандлёва-эканамічных адносін” з гэтай краінай.

Андрэй Фёдараў: Называць сёння В’етнам стратэгічна важным партнёрам для Беларусі было б перабольшваннем. Хутчэй, гэта проста адзін з накірункаў у Паўднёва-Усходняй Азіі, з якім ідзе нейкі гандаль, хаця ў апошнія гады тавараабарот паміж краінамі наадварот зніжаецца. Мяркую, складана чакаць на гэтым накірунку нейкага прарыва, таму што асабліва нічога новага падчас візіта не прапаноўвалася. В’етнам ведае, што ёсць у Беларусі, і калі яны раней гэта не бралі, то навошта ім гэта зараз?

РР: Адным словам, шараговы дыпламатычны візіт…

Андрэй Фёдараў: Сустракацца і гандляваць трэба, але не варта спадзявацца, што гэта стане панацэяй і выратуе беларускі знешні гандаль. Ёсць, безумоўна, нейкія сумесныя праекты, але ж такія маюцца і з іншымі краінамі. І не вельмі яны дапамагаюць пашырыць беларускі экспарт.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя