Што дасць незалежным кандыдатам удзел у выбарах?



Сярод нешматлікіх незалежных кандыдатаў на сёлетніх выбарах у Гомелі — некалькі вядомых журналістаў і блогераў. Свой удзел у кампаніі яны тлумачаць магчымасцямі, якія з’яўляюцца толькі ў зарэгістраваных кандыдатаў.

Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі абяцае гомельцам яркую кампанію:

– Я магу спакойна ладзіць пікеты, мітынгі, хоць кожны дзень, і гэтым я скарыстаюся. У мяне ўжо пяць пікетаў ёсць. Адзін супраць свавольства ДАІ. Другі супраць свавольства міліцыянтаў, якія напалі ў Мазыры. Трэці супраць таго, што Лукашэнка медыцыну давёў да ручкі. Чацьвёрты яшчэ супраць чагосьці. Пяты пікет будзе прапагандаваць 100-годзе БНР.

А вось публіцыста і прадстаўніка сацыяльнага руху „Разам” Юрыя Глушакова не зарэгістравалі. Але ён заяўляе, што адмова ў рэгістрацыі — цалкам ягоная правіна:

– Я працую журналістам, фрылансерам, маю шмат працадаўцаў. З шасці аднаго, я памыліўся, не пазначыў. Што тычыцца стаўлення да гэтага пытання гарадской выбарчай камісіі, то яны нават шкадавалі, што не маюць магчымасці зарэгістраваць мяне ў якасці кандыдата.

Пасведчанне аб рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты Гомельскага аблсавета мае таксама блогер Максім Філіповіч. Ён разлічвае паказаць гледачам сваіх каналаў механізмы фальсіфікацыі выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель