Што можа аб’яднаць беларускую апазіцыю?



Старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас разважае пра сёняшні стан беларускай апазіцыі.

Уладзімір Колас: Калі ў апазіцыі і ёсць жаданне аб’яднацца, то мы яго пакуль не адчуваем. Гэта ёсць заканамерны вынік таго, што адбывалася на працягу апошніх гадоў, калі апазіцыя ішла да дасягнення мэтаў шляхам раз’ядання. Мы кожны раз наступаем на тыя самыя граблі. І калі разумныя вучацца на чужых памылках, а дурні на сваіх, то беларуская апазіцыя наогул не хоча вучыцца і не робіць ніякіх высноў. Калі працаваць у такім рэжыме, то на што можна спадзявацца? На вялікі жаль, гэтае пакаленне палітыкаў дало адмоўны вынік. Усё што можна зрабіць – не паўтараць таго, што было зроблена. Спадзяюся, што наступная генерацыя апазіцыйных палітыкаў будзе іншая.

РР: У кіраўніцтве многіх партый ужо адбыліся ратацыі. Партыю БСДП (Грамада) узначаліў малады Ігар Барысаў, на месца нязменнага лідара АГП Анатоля Лябедзькі прыйшоў Васіль Палякоў… Такая ратацыя – нармальная практыка?

Уладзімір Колас: Гэта вельмі добра, таму што ёсць нагода звярнуцца да гэтых людзей з заклікам да аб’яднання, з заклікам па-новаму весці працу. Калі толькі новыя лідары не атрымалі ў спадчыну старыя звычкі і метады вядзення палітычнай дзейнасці, якая выкарыстоўвалася не для дасягнення агульных мэтаў, а на знішчэнне канкурэнтаў на апазіцыйным полі. Калі гэта ізноў не пачнецца, тады можа спадзявацца на нейкія вынікі. Хаця сёняшнім палітыкам будзе значна цяжэй, таму што ў грамадстве вера ў перамены была ўжо змарнаваны іх папярэднікамі. Грамадства зараз знаходзіцца ў скептычным стане. Акрамя таго, як мы бачым па “справе прафсаюзаў”, апазіцыя настолькі адфільтравана спецагентурай, што з гэтым таксама нешта трэба рабіць. Тым не менш, самае галоўнае зараз – магчымасць кансалідацыі і агульных дзеянняў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя