Што прадэманстравалі ўлады падчас мясцовых выбараў?



Старшыня руху “За свабоду” і экс-кандыдат у дэпутаты Менгарсавета Юрась Губарэвіч распавёў пра тое, чаму ўлады не пайшлі на лібералізацыю выбарчага заканадаўства падчас мясцовых выбараў.

Юрась Губарэвіч: Безумоўна, ніякай празрыстасці падчас гэтых выбараў і блізка не было. Улады наадварот дэманстратыўна паказалі, што могуць рабіць усё што заўгодна. І гэтая дэманстратыўнасць можа быць патлумачана тым, што ў назіральнікаў і ўдзельнікаў выбарчага працэса з’явіліся новя тэхнічныя магчымасці для наўпроставага паказу таго, што адбываецца на выбарчых участках. Анлайны ў сацыльных сетках, стрымы, публікацыі фактаў фальсіфікацый… Усё гэта імгненна распаўсюджвалася і ўскрыла той нарыў, які ўжо ёсць у нашай выбарчай сістэме апошнія гады.

РР: Метады фальсіфікацый не змяніліся?

Юрась Губарэвіч: Нічога новага не прыдумалі. “Каруселі”, падвоз фальшывых выбарцаў на ўчасткі мы фіксавалі яшчэ ў 2012 годзе падчас парламенцкіх выбараў і кампаніі “Байкот-101”, якую ладзілі сумесна з іншымі арганізацыямі на выбарчай акрузе №101 у Менску. Тое самае тычыцца і накруткі яўкі. Я б сказаў нават, што яўка на парламенцкіх выбарах па маёй акрузе накручвалася яшчэ больш нахабна. Таму што тычыцца нахабнасці і дэманстратыўнасці, то ўсё гэта было, ёсць і, баюся, будзе, калі не знойдзем метады, як належным чынам з гэтым змагацца.

РР: Чаму ўсё-такі ўлады вырашылі не гуляць у лібероалізацыю?

Юрась Губарэвіч: Трэба паказаць усеагальную народную падтрымку ўлады. Гэта тое, што ўваходзіць у абавязкі і “вертыкальшчыкаў”, і сілавікоў, якія займаюцца арганізацыяй выбараў. Таму ў асноўным за кошт рэгіёнаў, дзе немагчыма рэальна пракантраляваць яўку выбарцаў, і выйшлі на такія рэкордныя лічбы галасавання. Але і сталіца не выпадала з агульнай карціны, бо ўлада памятае ўрокі 90-х. Тады лічылася, што Менск мае пратэстныя і апазіцыйныя настроі. А зараз жыхарам сталіцы даводзяць, што тут жывуць такія ж самыя прыхільнікі ўладных ініцыятыў, як і па ўсёй Беларусі. Хаця з кожным разам усё менш і менш звужаецца група адрасатаў, да якіх скіравана вось гэтая паказуха, бо людзі, хто на ўласным досведзе, хто на досведзе блізкіх, даведваюцца пра тое, што адбываецца падчас выбараў. І тут вельмі добрую справу робяць кампаніі незалежнага назірання, якія выкрываюць фальсіфікацыі на канкрэтных прыкладах. Таму ўлада ў першую чаргу займаецца самападманам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя