Што скажа Лукашэнка народу 3 жніўня?



Палітык Анатоль Лябедзька прагназуе, пра што будзе казаць кіраўнік Беларусі за тыдзень да выбараў.

3 жніўня Аляксандр Лукашэнка выступіць са штогадовым пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. У сувязі з гэтым склікаецца пазачарговая сесія беларускага парламента.

Анатоль Лябедзька: Сітуацыя перад выбарамі склалася для ўлады такім чынам, што людзям нешта трэба казаць. Я лічу, што гэтая сітуацыя крытычная для кіраўніка Беларусі.

У яго, безумоўна, не 3 адсоткі падтрымкі, а больш, але яе ўсё роўна недастаткова для таго, каб выйсці нават у другі тур, калі нармальна лічыць галасы. Таму пасланне народу разглядаецца, як апошняя бітва за электарат.

РР: Нешта новае народ пачуе?

Анатоль Лябедзька: Калі Лукашэнка скажа нават фантастычна прыемныя для вуха выбаршчыка рэчы, то, як мне падаецца, большасць усё роўна паставіцца да такіх словаў скептычна. Калі згублены давер людзей, калі тыя прагнуць пераменаў, то якія б ты словы не падбіраў (нават калі гэта прамовы будуць пісаць найлепшыя інтылектуалы), яны не дойдуць да большасці людзей. А на што будзе зроблены акцэнт? Зараз Аляксандр Лукашэнка пазіцыянуе сябе адзіным абаронцам незалежнасці Беларусі, і гэта яго галоўнае пасланне ў сёлетняй выбарчай кампаніі.

Калі няма магчымасці купляць электарат, то трэба тады абіраць сцэнар нейкай сваёй унікальнасці, што можаш зрабіць толькі ты адзін.

Менавіта на гэта, думаю, і будзе зроблены галоўны акцэнт. Чырвонай ніткай пройдзе тэма: Беларусь без Лукашэнкі безабаронная і губляе свой суверэнітэт.

Таксама, як мне падаецца, электарату ізноў нагадаюць пра “драныя штаны і шкарпэткі” з 90-х гадоў і ўспомняць, што сёння народ больш-менш добра апранаецца. І гэта, маўляў, таксама асабістая заслуга кіраўніка Беларусі.

РР: А што наконт “ворагаў”?

Анатоль Лябедзька: Гэта традыцыйная тэма ва ўсе часы, без “ворагаў” наша ўлада існаваць наагул не можа. Таму іх спіс будзе прад’яўлены, бо “ворагі” абавязкова патрэбны. У пасланні абавязкова знойдзецца месца пра “непрыстойных” апанентаў, а таксама адначасова пройдуцца і па Захаду, і па Усходу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя