Што зменіцца для “Гавары праўду” пасля рэгістрацыі?



“У нашых планах – будаваць партыю”, — кажа адзін з лідараў аб’яднання Таццяна Караткевіч.

Нагадаем, што ў гэтым месяцы Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Рэспубліканскае даследча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне „Гавары праўду”. Якія “бонусы” атрымае ад гэтага аб’яднанне?

Таццяна Караткевіч: Канцэптуальна накірункі нашай працы не зменяцца – стратэгія і тактыка застануцца ранейшымі. Мы будзем дабівацца дэмакратычных пераменаў у краіне, не збіраемся спыняць рух у гэтым накірунку. Але пасля рэгістрацыі нашы магчымасці павялічацца. Больш эфектыўна можна будзе працаваць у рэгіёнах, бо можна будзе мабілізаваць народ. Наданне афіцыйнага статуса ўсё-такі здымае пэўныя бар’еры – знікаюць апасенні і страхі людзей, якія прысутнічаюць, калі ты знаходзішся на паўлегальным становішчы. І, натуральна, у нашых планах – будаваць партыю. А аб’яднанне “Гавары праўду” стане пэўнай прыступкай да партыі. Пакуль наданне афіцыйнага статусу, будзем спадзявацца, дадасць нам прыхільнікаў і здыме бар’еры, якія мы часам адчуваем падчас супрацы з уладамі.   

РР: А навошта краіне яшчэ адна слабая партыя? Ці вы лічыце, што сёнyяшнія партыі маюць уплыў хоць на нешта?

Таццяна Караткевіч: А што рабіць, калі створаны такія ўмовы для працы? Так, сёння партыям складана стаць моцнай сілай, але ж і зусім нічога не рабіць – гэта таксама, напэўна, не выхад. Але асабіста “Гавары праўду” заўсёды найперш шукала падтрымку ў людзей. Пашырыцца давер – народ за нас прагаласуе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя