Шушкевіч адказаў на абвінавачванні Лукашэнкі



Аляксандр Лукашэнка назваў першага кіраўніка незалежнай Беларусі «шулерам». На сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ і грамадскасці, ён чарговы раз абвінаваціў Станіслава Шушкевіча ў развале СССР. Лукашэнка заявіў, што не Беларусь была ініцыятарам гэтага, а Расея. Са слоў Лукашэнкі,  Шушкевіч схлусіў яму, калі сказаў, што дэкларацыю аб незалежнасці ўжо ўсе прынялі. Шушкевіч адрэагаваў на абвінавачваньне Лукашэнкі ў свой адрас:

– Ніколі нікога не падманваў, тым больш публічна. Калі да мяне пытанне было ад Вярхоўнага Савета, як ідуць справы па ратыфікацыі ў Маскве і Кіеве, то я патэлефанаваў ў Маскву і даведаўся, што ўсе камітэты Думы ўхвалілі Белавежскае пагадненне, і пра гэта я сказаў Вярхоўнаму Савету. А далей можа хлусіць Лукашэнка як хоча. Калі б не Белавежскае пагадненне, дзякуючы якому Расея ўпершыню прызнала незалежнасць Беларусі афіцыйным подпісам свайго прэзідэнта, то ніколі б Лукашэнка не быў бы прэзідэнтам.

За гэта Лукашэнка павінен быць удзячны, і ў першую чаргу мне, адзначыў Станіслаў Шушкевіч. Ён таксама назваў Саюзную дзяржаву, АДКБ ды іншыя беларуска-расейскія структуры – наростамі, створанымі ў парушэнне беларускай Канстытуцыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Народная Воля