Швейцарыя далучылася да санкцый ЕЗ у дачыненні да Беларусі



Швейцарыя далучылася да санкцый Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі.

Як паведамляецца на сайце Дзяржаўнага сакратарыята па эканамічных справах Швейцарыі, санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб і набылі моц 13 кастрычніка.

Санкцыі прадугледжваюць блакаванне рахункаў і забарону на ўезд у Швейцарыю.

2 кастрычніка ЕЗ увёў санкцыі ў дачыненні да 40 службовых асоб, якіх лічыць датычнымі да фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах і рэпрэсій у дачыненні да беларускіх грамадзян. У спіс трапіла кіраўніцтва МУС, АМАП, КДБ і Цэнтрвыбаркама.

12 кастрычніка вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль паведаміў, што на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕЗ ухваленая падрыхтоўка другога пакета санкцый, які будзе ўключаць і санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.

belapan.by