Швейцарыя ўвяла санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі
Швейцарыя пашырыла санкцыі ў дачыненні да Беларусі, паведамляецца на сайце Федэральнай рады Швейцарыі.
Фінансавыя санкцыі (і ў прыватнасці замарозка актываў) ды забарона на ўезд у краіну ўведзены ў дачыненні да 15 фізічных асоб, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшага сына, памочніка па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнкі. Такім чынам Швейцарыя далучылася да санкцый Еўразвязу, якія былі ўведзеныя 6 лістапада.
Швейцарыя таксама ўвяла забарону на пастаўкі ў Беларусь зброі і тавараў, якія могуць быць выкарыстаны для ўнутраных рэпрэсій. Аналагічную забарону Еўразвяз увёў у 2011 годзе.
У кастрычніку Швейцарыя далучылася да санкцый у дачыненні да 40 беларускіх службовых асобаў. У спіс трапіла, у прыватнасці, кіраўніцтва сілавых структур і Цэнтрвыбаркама.
„Швейцарыя глыбока занепакоеная напружанасцю і заклікае да дыялогу паміж беларускім урадам і грамадзянскай супольнасцю, – гаворыцца ў паведамленні. – Швейцарыя заклікае Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека”.
Беларускае Радыё Рацыя
