Сітуацыя вакол Сірыі працягвае ўскладняцца



Злучаныя Штаты разглядаюць у якасці магчымых мэтаў для ўдараў у Сірыі восем аб’ектаў. Пра гэта паведамляе CNBC са спасылкай на крыніцу. Паводле яго дадзеных, мэтамі могуць стаць два вайсковыя аэрадромы, даследчы цэнтар і прадпрыемства, якое, паводле інфармацыі Вашынгтону, вырабляе хімічную зброю. У якіх раёнах знаходзяцца гэтыя аб’екты, не паведамляецца.

Крыніца CNBC таксама адзначыла, што камандаванне сірыйскімі ўрадавымі сіламі пераразмяркоўвае самалёты ВПС Сірыі па аэрадромах, дзе базуюцца расейскія вайскоўцы, у надзеі, што ЗША не стануць наносіць па іх удары.

Раней пра магчымае скорае нанясенне ракетных удараў па Сірыі ў адказ на меркаваную хімічную атаку ў горадзе Дума заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Аднак канчатковае рашэнне аб тым, якім будзе гэты адказ і ці будзе ён ваенным, яшчэ не прынятае.

Трамп абвінаваціў ва ўжыванні хімічнай зброі войскі прэзідэнта Сірыі Башара Асада, а таксама ўсклаў адказнасць на Расею, абвінаваціўшы яе ў спрыянні сірыйскаму рэжыму. Масква і Дамаск заяўляюць, што хімічнай атакі ў Думе, па ўсёй верагоднасці, не было, і называюць паведамленне пра яе правакацыяй.

svaboda.org