СК адмовіўся пачынаць справу супраць Лукашэнкі



Следчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальную справу аб „змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады” адносна Лукашэнкі. Палітык Юрый Губарэвіч атрымаў са Следчага камітэту адказ на свой зварот з ініцыятывай завесці справу паводле ч. 3 арт. 357 КК (Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады, якія прывялі да гібелі людзей цi звязаныя з забойствам) у дачыненні да грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі.

У адказе гаворыцца, што зварот Губарэвіча „носіць агульны характар”, па выніках яго разгляду падставаў да крымінальнай справы не пабачылі:

– Пад гэтымі словамі хаваецца нежаданне ўвогуле мець дачыненне да расследвання таго, што адбываецца ў Беларусі. Пракуратура і Следчы камітэт паступаюць вельмі выбарачна, яны бяруцца за тыя справы, якія выгадныя сённяшнім асобам, якія ўтрымліваюць уладу, але ўпарта не заўважаюць фактаў, якія нявыгадныя тым, хто ўтрымлівае ўладу.

Адказ на свой зварот Губарэвіч ад начальніка галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю СК Сяргея Цішука.

Беларускае Радыё Рацыя