СК Беларусі адмовіўся ўзнавіць справу пра выкраданне Дзмітрыя Завадскага



Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь адказаў жонцы выкрадзенага 20 гадоў таму аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага. Следчыя не бачаць падстаў для допыту новых сведак. Святлана Завадская назвала афіцыйны адказ цынічнай адпіскай. Пра гэта паведаміў рэсурс dw.

Святлана Завадская, жонка выкрадзенага ў 1999 годзе аператара Дзмітрыя Завадскага, атрымала 6 студзеня афіцыйны адказ са Следчага камітэту Беларусі на сваю заяву з просьбай дапытаць як сведкаў асобаў, прозвішчы якіх указаў у інтэрв’ю DW экс-баец СОБРа Юры Гараўскі. Аднак СК у сваім лісце-адказе паведаміў пра адсутнасць падставаў для ўзнаўлення прыпыненага папярэдняга расследавання.

„Асобы, якія ажыццявілі выкраданне Вашага мужа, вызначаны і асуджаны за гэтае злачынства прыгаворам Мінскага абласнога суду ад 14.03.2002, – напісана ў рашэнні СК. – Меркаванне Гараўскага пра выкраданне Д. Завадскага іншымі асобамі, выказанае ім у інтэрв’ю радыёстанцыі „Нямецкая хваля”, не з’яўляецца падставай для аднаўлення прыпыненага папярэдняга расследавання”.

Каментуючы гэтае рашэнне, Святлана Завадская заявіла: „За ўсе гады перапіскі з СК і пракуратурай такой цынічнай адпіскі я яшчэ не атрымлівала”. Яна патлумачыла, што асуджаным за злачынства супраць яе мужа інкрымінавалі толькі яго выкраданне, аднак далейшы лёс яе мужа так і не высветлены.

Беларускае Радыё Рацыя