СК яшчэ на месяц працягнуў расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі



Следчы камітэт яшчэ на месяц, да 18 сакавіка, працягнуў папярэдняе расследаванне па факце знікнення Юрыя Захаранкі, паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак, які прадстаўляе інтарэсы сям’і былога міністра ўнутраных спраў і з’яўляецца кіраўніком грамадскай камісіі па расследаванні палітычных выкраданняў.

„Пра вынікі расследавання вы будзе праінфармаваныя дадаткова”, — гаворыцца ў паведамленні на імя Волчака за подпісам начальніка аддзела цэнтральнага апарату СК Юрыя Вараўкі.

Расследаванне было адноўленае пасля таго, як 16 снежня радыёстанцыя Deutsche Welle апублікавала інтэрв’ю з былым байцом спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрыем Гараўскім, які прызнаўся ў дачыненні да знікнення і забойства Захаранкі, а таксама былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага (адпаведна 7 мая і 16 верасня 1999 года). Паводле сцвярджэння Гараўскага, усіх траіх застрэліў камандзір САХРа Дзмітрый Паўлічэнка. Зараз Гараўскі знаходзіцца ў адной з краін Заходняй Еўропы.

Пасля публікацыі інтэрв’ю Волчак заявіў БелаПАН, што выкладзеныя Гараўскім звесткі пацвярджаюць высновы грамадскай камісіі, а таксама не супярэчаць дакладу дэпутата ПАСЕ Хрыстаса Пургурыдэса, які займаўся расследаваннем знікненняў: супадаюць дэталі, час, месца і г.д. Волчак адзначыў, што новая інфармацыя можа аднавіць папярэдняе следства, спыненае ў снежні 2018 года.

„Гэта і ёсць падстава, калі ёсць рэальны сведка і ён кажа, што здзейсніў. І каб зняць пляму з дзяржавы, трэба аднавіць папярэдняе следства. Вераць яны ці не вераць, але абавязаныя аднавіць, абавязаныя запатрабаваць ад Еўропы паказанні Гараўскага. Брусель можа падзяліцца інфармацыяй і накіраваць сваіх прадстаўнікоў”, — сказаў праваабаронца.

У снежні 2019 года СК аднавіў таксама папярэдняе следства па факце знікнення Ганчара і Красоўскага.

24 снежня ў інтэрв’ю радыёстанцыі „Эхо Москвы” сітуацыю пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, калі ў Беларусі ён не дасць каманду, „ніхто не будзе здзяйсняць гэтыя злачынствы”. „Я ніколі ў жыцці не даваў і даваць не буду такой каманды, — падкрэсліў беларускі кіраўнік. — Адказ просты: навошта гэта мне трэба было? Навошта? Што змянілася, што не стала ў Беларусі два ці тры чалавекі, тым больш аператар, пра якога кажуць. Там жа змяшалі ўсё ў кучу — Дзіма Завадскі (аператар тэлеканала ОРТ. — БелаПАН.), які загінуў. Ён жа загінуў з-за Чачні. І [журналіста Паўла] Шарамета. Не трэба на мяне гэта грузіць. Я не даю такіх каманд, таму што мне гэта не трэба было тады і нават цяпер. Таму што забіваюць сваіх заўзятых, ашалелых або небяспечных праціўнікаў. Я — палітык, значыць палітычных. Якімі яны палітыкамі былі? Віця Ганчар быў заўсёды маім добрым таварышам і сябрам, мы з ім у адным парламенце былі. Мы не толькі ў лазню хадзілі разам”.

З бізнесменам Красоўскім, паводле слоў Лукашэнкі, ён знаёмы не быў.

„Захаранка звязаўся ў бізнесе (вось пра гэта вы не пішаце) з Украінай, — заявіў афіцыйны лідар. — Грошы ўзяў велізарныя пад выглядам, што ён быў міністрам, сышоў, аднак каля ўлады, і ў яго тут усё схоплена, а грошы не вярнуў. Але самае цікавае: у Германіі дваіх з іх гадоў сем ці восем назад, калі тэма гэтая была гарачая, сфатаграфавалі на вуліцы. Гэта значыць, магчыма, яны жывыя. Я запыт даў у Германію. Адкажыце на пытанне: вось фота, надрукаванае было ў нямецкай прэсе. Адказу да гэтага часу не далі”.

Матэрыял „Нямецкай хвалі” Лукашэнка назваў правакацыяй. „Я неадкладна даў каманду, калі мне прэс-служба далажыла гэты кавалак укідвання туды (не ведаю, праўда, хто гэта ўкінуў, разбяромся): неадкладна запытайце ў Следчым камітэце інфармацыю, крымінальная справа ж існуе, — адзначыў ён. — Хай ён (Гараўскі. — БелаПАН.) прыедзе, дасць паказанні, ён жа ўжо публічна заявіў, хто яго тут заб’е? Няхай ён прыедзе з БНД (Федэральная разведвальная служба Германіі. — БелаПАН.), з ФСБ, у суправаджэнні. Венядзіктаў (галоўны рэдактар „Эха Москвы” Аляксей Венядзіктаў. — БелаПАН.) хай там будзе, вядомы чалавек, давайце сюды, дайце паказанні. Цішыня. Навошта гэта трэба, Аляксей? А я вам адкажу. Заўтра прэзідэнцкія выбары (чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца да 31 жніўня 2020 года. — БелаПАН.)”.

Гараўскі папрасіў прытулку ў Швейцарыі.