Сход левых сіл адбыўся ў Берасці
На сустрэчу сабраліся прадстаўнікі Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), партыі левых Справядлівы свет і аргкамітэтаў па стварэнню Партыі жанчын і Партыі працоўных.
Асноўным пунктам для абмеркавання стала прэзідэнцкая кампанія.
Адзін з арганізатараў сустрэчы, намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі патлумачыў асноўныя мэты мерапрыемства:
– Гэта наша платформа да будучых прэзідэнцкіх выбараў – не важна ці будзе ад нашых партый прэтэндэнт, ці гэта будзе агульна-дэмакратычны кандыдат. Мы маем намер зацвердзіць сваю платформу на ўнутраным Кангрэсе левых партый і гэтую платформу прапановаць адзінаму кандыдату ці некалькім. І менавіта з гэтага пункту гледжання мы будзем падтрымліваць таго ці іншага кандыдата.
Акрамя таго, на сустрэчы былі абмеркаваныя сацыяльна-эканамічныя праблемы краіны і шляхі іх актуалізацыі ў публічнай прасторы.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце