Славакія: перамога апазіцыі на парламенцкіх выбарах



У Славакіі 29 лютага прайшлі выбары ў Нацыянальную раду – парламент гэтай краіны. Пераканаўчую перамогу на выбарах здабыла апазіцыйная партыя з арыгінальнай назвай „Звычайныя людзі і незалежныя асобы” (OĽaNO).

Партыя пад кіраўніцтвам Ігара Матавіча набрала амаль 25% галасоў. Такія вынікі агучыла ў нядзелю ЦВК краіны ў Братыславе. Гэта звесткі пасля апрацоўкі 98 адсоткаў галасоў.

Кіроўная партыя „Кірунак – Сацыяльная дэмакратыя” (Smer-SD) займае другое месца, набіраючы 18,4 % галасоў.

Прэм’ер-міністр Славакіі Петар Пелегрыні ўжо павіншаваў OĽaNO з перамогай на парламенцкіх выбарах.

На папярэдніх парламенцкіх выбарах, якія прайшлі ў 2016 годзе, партыя „Звычайныя людзі і незалежныя асобы” набрала 11% галасоў. Вынік цяперашніх выбараў куды больш паспяховы.

Аналітыкі адзначаюць, што 46-гадовы палітык Ігар Матавіч непрадказальны ў сваіх дзеяннях, таму невядома з кім OĽaNO будзе зараз ствараць кааліцыю ў парламенце. Называюцца тры іншыя партыі ліберальнага і кансерватыўнага кірунку.

Матавіч у час перадвыбарчай кампаніі дэкляраваў змаганне з карупцыяй. Яго партыя станоўча ставіцца да сяброўства Славакіі ў НАТА і Еўразвязе.

На зыход выбараў безумоўна паўплывала рэзананснае забойства журналіста Яна Куцыяка і яго нявесты, якіх застрэлілі ў лютым 2018 года ва ўласным доме, што знаходзіцца на адлегласці 65 км. ад Братыславы. Куцыяк праводзіў журналісцкае расследаванне, выяўляючы сувязі набліжаных асоб да прэм’ер-міністра дзяржавы Роберта Фіца з італійскімі бізнесоўцамі, звязаных з мафіяй.

Праз год пасля таго забойства судзілі славацкага прадпрымальніка і мультымільянера Марыяна Кочнера, якога вінавацілі ў тым, што гэта ён замовіў забойства журналіста. Грамадства востра рэагавала на гэтыя падзеі, абураючыся існай карупцыі ва ўрадавых колах і іх крыміналізацыі. Адсюль і такія вынікі новых парламенцкіх выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя