Слонімец падаў скаргу ў пракуратуру на дэпутата
Жыхар Слоніма Віктар Марчык накіраваў скаргу на імя пракурора Слонімскага раёна Віталя Бабарыкі на парушэнне дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Валянцінам Семянякам Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў…”.
Справа ў тым, што яшчэ ў кастрычніку 2020 года жыхары Слоніма накіравалі дэпутату Семяняку калектыўны зварот з патрабаваннем правесці сустрэчу з выбарцамі ў вялікай зале РДК ці ў Слонімскім райвыканкаме, ці ў парку ці ў цэнтры Слоніма. Пад зваротам падпісаліся каля 400 выбарцаў Слонімскай выбарчай акругі № 58. Тым больш, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў абавязаны перыядычна, але не радзей аднаго разу ў год, рабіць справаздачу перад выбарцамі акругі пра сваю працу і дзейнасць. Таму выбарцы патрабавалі ад дэпутата правесці сустрэчу і зрабіць падрабязную справаздачу па кожным пункце яго перадвыбарчых абяцанняў, а таксама адказаць на пытанні выбарцаў.
Напачатку лістапада быў атрыманы адказ ад дэпутата Семянякі, у якім ён напісаў, што пра яго дэпутацкую дзейнасць можна даведацца на сайце дэпутата, а таксама ён паведаміў, што ў краіне каронавірус, таму замест сустрэчы лепш пазнаёміцца з яго справаздачай на сайце і ў рэгіянальных раённых газетах. Але слонімцы прыйшлі да высновы, што дэпутат парушае Закон РБ “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў…” і ігнаруе патрабаванні выбарцаў і Закона. Бо дэпутат Семяняка вырашыў толькі праінфармаваць выбаршцаў праз сайт, што ім асабіста зроблена. Але інфармаванне не з’яўляецца справаздачай…
Таму слонімец Віктар Марчык ад імя шматлікіх выбарцаў, просіць пракуратуру правесці праверку законнасці адмовы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валянціна Семянякі праводзіць справаздачу перад сваімі выбарцамі.
Беларускае Радыё Рацыя
