Слонімская раёнка – пра Ціханоўскую і Дзмітрыева



Слонімская раённая газета “Слонімскі веснік” за 5 жніўня на трэцяй старонцы апублікавала дзве інфармацыі пра сустрэчы кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святлану Ціханоўскую і Андрэя Дзмітрыева.

Напісаў гэтыя інфармацыі сам рэдактар раёнкі Кірыл Ляшчанка. Ужо ў загалоўках пяром рэдактара ўсё сказана пра саміх кандыдатаў: “Паслухаць кандыдата ў прэзідэнты А.Дзмітрыева прыйшлі 10 слонімцаў” і “Святлана Ціханоўская: у прэзідэнты – на паўгода”.  Невялікія інфармацыі аздоблены не вельмі якаснымі фотаздымкамі. Пра Святлану Ціханоўскую рэдактар Ляшчанка напісаў так: “Галоўным тэзісам, які прагучаў на дадзеным мерапрыемстве з вуснаў прэтэндэнта на прэзідэнцкае крэсла, стала ўпэўненасць у поўнай адсутнасці жадання быць кіраўніком дзяржавы: “Мая галоўная мэта, дзеля якой я стаю тут, гэта правесці новыя, на працягу паўгода, пасля таго як я стану прэзідэнтам – а я ім стану – мы правядзем новыя выбары, – блытана паабяцала слонімцам Святлана Ціханоўская”.

І што гэтай інфармацыяй рэдактар “Весніка…” хацеў сказаць чытачам?.. Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала сабралі падчас сустрэчы каля трох тысяч слонімцаў. І казалі яны шмат чаго вартага і важнага. Але гэтага рэдактар Ляшчанка не заўважыў і не пачуў. Затое на першай старонцы ў гэтым нумары “Слонімскага весніка” за 5 жніўня апублікаваны вялікі партрэт Лукашэнкі, які “сегодня крепко держит в руках будущее нашей независимой Беларуси”.

Беларускае Радыё Рацыя