Смерць Нямцова – меркаванні з Беларусі (абноўлена)



28 лютага беларускія грамадскія актывісты ўсклалі кветкі і запалілі свечкі ля амбасады Расейскай Федэрацыі ў Менску – на знак памяці забітага ў Маскве Барыса Нямцова. Ахоўнікі амбасады забаранілі здымаць тое, што адбываецца. Ні падчас акцыі, ні пасля яе, ніхто з удзельнікаў не затрыманы.

2580893_(1)

«Нельга казаць, што Барыс Нямцоў быў супраць саюзу Расеі і Беларусі, але ён быў супраць саюзу дыктатур. Ён быў за саюз свабодных дзяржаў, свабодных грамадстваў, паважаючых адзін аднаго народаў. Зразумела, ён заўсёды адстойваў інтарэсы Расеі. Але ня бачыў у Беларусі малодшага залежнага брата. Ён не быў імперыялістам», – так пра забітага расейскага палітыка кажа галоўны рэдактар, асабіста знаёмая з Барысам Нямцовым Святлана Калінкіна.

Журналістка Святлана Калінкіна:

 – Шок, бо мне здавалася, што ўсё, што б не адбывалася ў Расеі, якія бы там ні былі змены палітычныя, але да такога забойства амаль на Чырвонай плошчы, дзе мора людзей… Забойства – выклік грамадству. Барыс як абсалютна адэкватны чалавек не толькі, як палітык, але і як выдатны фізік, цвяроза глядзеў на ўсю гэтую сітуацыю. Ён быў супраць саюза дыктатур беларускай і расейскай, ён быў за саюз свабодных грамадстваў, годных, паважаючых адно другое –  Беларусі і Расеі. Ён заўсёды адстойваў інтарэсы Расеі, але не ўспрымаў нас, як малодшага брата. Ён не быў імперыялістам. Для нас гэта вялікая страта, і страта маральная і страта чалавечая. Бо першы голас салідарнасці з Беларуссю, які гучаў з Расеі, гэта заўсёды быў голас Барыса Нямцова. І многім гэта давала надзею, што Расея не звар’яцее, Што ўсё ж такі ёсць такія людзі, як Нямцоў. І за такімі людзьмі павінна быць будучыня, калі Расея хоча развівацца ў нармальным накірунку.

Праваабаронца Гары Паганяйла:

– Можна пагадзіцца са шматлікім каментарамі, што гэта палітычнае забойства чалавека, які найбольш ярка прадстаўляў апазіцыю ў Расеі. Гэта вынік таго цемрашальства, якое мы назіраем у Расеі пасля пачатку канфлікту Расеі ва Украіну. Забойства напярэдадні Маршу, які арганізоўваў Барыс Нямцоў, шматлікія рэчы сведчаць пра тое, што ўлады перайшлі мяжу… Яны даўно перайшлі гэтую мяжу, як у свой час у Беларусі сталі на шлях фізічнага знішчэння палітычных апанентаў. Барыс Нямцоў быў пад вельмі пільнай увагай спецслужбаў. І ніводны з яго крокаў не быў нявядомым спецслужбам Расеі. Таму забойства літаральна каля Лобнага месца, на якім ажыццяўлялі ў свой час смяротныя пакаранні, гістарычнага месца, недалёка ад Крамля – афіцыйнай рэзідэнцыі Пуціна – гэта выклік усяму грамадству. Гэта забойства дэманстратыўнае. Гэта здзейснена, як смяротная кара за тое, што ты не з намі.

Журналістка «Новай газеты» Ірына Халіп узгадвае Барыса Нямцова як чалавека, які абсалютна не падыходзіў да наменклатуры, таму ва ўладзе доўга і не пратрымаўся. «Ён быў надзвычай яскравы, занадта незалежны. Барыс Нямцоў перажываў за тое, што адбываецца і ў Беларусі ды Украіне – быў чалавекам неабыякавым», – кажа Ірына Халіп

Журналістка “Новай газеты” Ірына Халіп:

– Любіў жыццё. Любіў сваю краіну. Ён быў сапраўдным чалавекам. Таму ён так нядоўга пратрымаўся ў наменклатуры, бо ён абсалютна не падыходзіў да яе. Быў іншы чалавек. Быў надзвычайна яскравы, занадта незалежны для таго. каб быць сябрам наменклатуры, якая павінна быць бязлікай. Для расейскіх дэмакратаў, якіх я ведаю, якія сапраўды перажываюць тое, што адбываецца ў іх краіне, і не бачаць нічога за яе межамі, Барыс Нямцоў перажываў за тое, што адбываецца і ў Белаусі, і ва Украіне і ў іншых краінах – быў чалавекам нераўнадушным. Для мяне было вельмі кранальным, калі мяне вызвалілі з-за кратаў і я знайшла на сайце “Новай газеты” фотаздымак, дзе Барыс Нямцоў з маім партрэтам стаіць перад беларускім пасольствам у Маскве. Гэта сапраўды было вельмі кранальна і важна для мяне. І ён патэлефанаваў, каб павіншаваць мяне. І так запытаўся: “Што трэба зрабіць? Якая дапамога патрэбная?”Я ведаю, што ён дапамагаў многім. Да яго лёгка можна было звярнуцца па дапамогу. Ягоная смерць невыгадная нікому. Тыя, хто спланаваў і здзейсніў забойства, не разумеюць, што гэта абсалютна нікому невыгадна. Такім чынам выканаўцы вельмі крута падставілі тых, хто замаўляў гэта. Такое каля Крамля! Дзе ўсё праглядаецца, дзе камеры на кожным кроку. Хладнакроўна забіць чалавека. Гэта можа прывесці да пачатку крывавага тэрору. Мае калегі з “Новай газеты” вельмі правільна заўважылі, што раней такое сабе маглі дазволіць кадыраўцы, якія лічылі сябе асобнай недатыкальнай спецслслужбай, якая нікому не падпарадкоўваецца. А зараз з’явілася яшчэ адна “камарылья” – “рускія патрыёты”, якія таксама лічаць, што ўсё дазволена. І мы не можам ведаць, хто гэта зрабіў – спецслужбы, кадыраўцы, „рускія патрыёты”, ці яшчэ адна з сотні груповак, якія зараз могуць лічыць сябе здольнымі вырашаць чужыя лёсы. Каго-небудзь яны арыштуюць, каго-небудзь яны прад’явяць свайму начальству, як выканаўцу, але будзе тое сама, як з забойствам Ганны Паліткоўскай.

 Гаворыць журналіст Павал Шарамет;

Барыс Нямцоў – гэта мой блізкі сябра. Мы з ім шчыльна кантактавалі. Я размаўляў з ім літаральна за суткі да забойства. І некалькі разоў на гэтым тыдні размаўляў. Я запрашаў яго ў Кіеў у пятніцу на адно вялікае журналісцкае мерапрыемства, але ён адмовіўся, бо рыхтаваў Марш міру на 1-ае сакавіка. Гэта быў светлы чалавек ва ўсіх сваіх праявах – адкрыты як палітык і адкрыты, як чалавек. Ніколі не хаваў нічога – ні сваё асабсітае жыццё, ні сваіх палітычных поглядаў. Ішоў наперад з адкрытым забралам. Я абсалютна перакананы, што да забойства Нямцова датычныя расейскія спецслужбы. Гэта безумоўна выгадна расейскай уладзе і асабіста прэзідэнту Пуціну. Абсалютна прамыя аналогіі з выкраданнем людзей і палітыкаў у Беларусі, якія былі 15 гадоў таму. І яны таксама былі выгадныя прэзідэнту Лукашэнку. Барыс Нямцоў сярод расейскіх палітыкаў быў амаль адзіны, хто супрацьстаіць уладзе. Зараз гэтых палітыкаў на пальцах адной рукі пералічыць можна. Знайсці яму замену будзе амаль немагчыма ў бліжэйшыя пару гадоў. Версіі, якія зараз укідваюцца расейскімі прапагандыстамі, пра дзяўчыну і ўкраінскага раўніўца, ніякага дачынення да рэальнасці не маюць. Я бы мог паверыць яшчэ ў адну версію – у прыватны заказ губернатара Яраслаўскай вобласці, супраць гэтага карупцыянера Барыс Нямцоў вёў барацьбу. Па тым, як было зроблена гэтае злачынства, і дзе яно было зроблена, ніхто акрамя прафесійных спецслужбаў не мог гэтага зрабіць. Заўсёды ўкідваюць гэтыя фальшывыя версіі. Да гэтага часу ў Беларусі мы чуем версіі – то там, то там бачылі Ганчара, то Захаранку. Прайшло 15 гадоў з моманту выкрадання Ганчара, Захаранкі, Завадскага, а да гэтага ўкідваюцца розныя версіі, гэта вядомы прыём. Адпрацаваная схема. Таксама зараз спрабуюць дыскрэдытаваць памяць Нямцова, але адэкватныя людзі разумеюць, куды вядуць сляды гэтага страшнага забойства.

«Такое ўражанне, што ў Расеі пачынае панаваць расейскі фашызм. Гэта чацвёрты відны палітычны дзеяч Расеі, добра мне знаёмы, які загінуў ад рукі забойцы», – так каментуе начное забойства расейскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова былы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Увага ўсіх спецслужбаў, якія павінны клапаціцца пра бяспеку грамадзян, скіраваная, каб рабіць правакацыі ва Украіне, на Луганшчыне і ўсюды ў іншых месцах, і яны забываюць пра тое, што трэба берагчы ўласных грамадзянаў. Пасля Старавойтавай, Юшанкова і Гайдара (я перакананы таксама, што ён памёр рана, бо быў атручаны вельмі моцна). Цяпер яшчэ адзін з маіх вельмі добрых знаёмых, калі ён быў віцэ-прэм’ерам Расіі, Барыс Нямцоў… Глядзіце яго апошнія артыкулы на розных сайтах, і вы ўбачыце за што яго забілі. Ён пісаў праўду пра Расею. І за гэта яго забілі. Ён быў сумленны, адукаваны. Прыстойны чалавек, які не выракаўся сваіх прынцыпаў. Яго забойства выгадна ўладнай вярхушцы. Зараз у сучаснай Расеі будзе зроблена фантастычная правакацыя, знойдуць такіх, як ў Менску, “падрыўнікоў метро” , якіх асудзяць імгненна і расстраляюць ці яны загінуць у турме. Ці скажуць, што гэта правакацыя апазіцыі. Ад цяперашняга кіраўніцтва Крамля можна чакаць самых розных непаразуменняў. Я не думаю, што Пуцін прыйдзе з кветкамі, каб ускласці да труны Нямцова. Хаця гэта трэба было б зрабіць.

 Гаворыць старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька:

Магчыма, скажу банальную рэч, але такіх як Нямцоў у Расеі больш няма. Ён быў адным з нямногіх, хто не проста казаў, а шчыра верыў у тое, што гаварыў. Ён казаў, што Беларусь мусіць быў еўрапейскай самастойнай незалежнай дзяржавай. Ён гаварыў, што самае дрэннае для беларусаў і грамадзянаў Расеі – гэта саюз Лукашэнкі і Пуціна, які нічога не дасць ні адной краіне, ні другой.

 Ён быў смелы, адважны. Я нават не ведаю, дзе мяжа гэтай мужнасці праходзіла. Ён мне сам асабіста гаварыў пра пагрозы, якія былі скіраваны ў яго адрас. Барыс Нямцоў нагадвае мне нечым Віктара Ганчара… Такі ж мужны, нічога не баяўся і разам з тым вельмі сістэмны, ідэалагічны. Думаю, невыпадкова лёс аднаго і другога падобны. Гэта палітыкі адной пароды.

 Разам са смерцю Барыса Нямцова шмат у чым губляе і Беларусь. Яго добра ведалі ў нашай краіне і любілі – гэта праўда. За яго праўдзівасць, бескампраміснасць.

 Каму гэта было выгодна? Не буду падмяняць следства, але відавочна, што Нямцоў быў найбольш жорсткім і паслядоўным крытыкам-апанентам Пуціна. Мы ведаем яго знакамітыя брашуры пра карупцыю, ведаем яго як арганізатара апазіцыйных акцый, пачынаючы Балотнай і заканчваючы заўтрашняй, якая, відаць, ужо адбудзецца ў іншым фармаце. Вельмі верагодна, што палітычны след тут прысутнічае.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота zinios.tv3.lt

[manual_related_posts]