Спецдакладчык ААН: Неабходна захаваць кантроль за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі



Адчувальнага прагрэсу ў вырашэнні сістэмных праблем у Беларусі не было дасягнута, таму неабходна захаваць міжнародны кантроль за сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне, заявіў спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці, прэзентуючы свой даклад 25 чэрвеня на сесіі Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе.

Харасці падкрэсліў, што гэта яго шосты даклад з 2012 года, калі ён быў прызначаны спецдакладчыкам па Беларусі. Гэта таксама яго апошні даклад, бо тэрмін паўнамоцтваў дыпламата ў якасці спецдакладчыка заканчваецца 31 кастрычніка гэтага года.

„Я б хацеў праінфармаваць вас аб прагрэсе з правамі чалавека за гэтыя шэсць гадоў, але яго не было, — сказаў Харасці. — На працягу шасці гадоў улады Беларусі не прадэманстравалі ніякіх пазітыўных зменаў па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека”.

Дакладчык падкрэсліў, што ў сакавіку 2018 года праваахоўныя органы ўжывалі „рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў і незалежных журналістаў”, пры гэтым былі затрыманыя перад і падчас Дня Волі „больш за сотню чалавек”.

Ён адзначыў, што беларускія ўлады пасля вызвалення ў жніўні 2014 года палітвязняў працягнулі практыку арыштаў палітычных апанентаў. У Беларусі па-ранейшаму абцяжараная рэгістрацыя і праца палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, абмежаваныя правы на свабоду сходаў і асацыяцый.

Спецдакладчык выказаў занепакоенасць у сувязі з папраўкамі ў закон аб СМІ, якія „ліквідуюць рэшткі свабоды выказвання меркаванняў у інтэрнэце”.

Харасці адзначыў, што беларускія ўлады працягваюць ігнараваць рэкамендацыі праваабарончых механізмаў ААН, а таксама Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ.

У дакладзе згадваюцца блакаванне доступу да сайтаў belaruspartisan.org і charter97.org на падставе рашэння Мінінфарма, пераследы журналістаў і блогераў. Адзначаецца, што ў 2017 годзе на журналістаў было накладзена 69 штрафаў больш як на 25 тыс. еўра.

belapan.by

Фота DW