Спецдакладчык ААН па Беларусі шкадуе аб турэмных прыгаворах дзецям за наркотыкі



Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын выказала сур’ёзную занепакоенасць у адносінах да дзяцей, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі тэрмінам да 11 гадоў „за злачынствы наркатычнага профілю”, паведаміла прэс-служба ААН.

„Узрост крымінальнай адказнасці за ўчыненне злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, быў паніжаны да 14 гадоў, у сувязі з чым дзясяткі дзяцей былі прыгавораныя да непрапарцыйна строгіх тэрмінаў пазбаўлення волі”, — адзначаецца ў рэлізе.

„Я занепакоена тым, што жорсткі падыход, які выкарыстоўваецца Беларуссю ў дачыненні да абвінавачаных у злачынствах па наркатычнаму профілю, прымяняецца да дзяцей без належнага ўліку іх канкрэтнага статусу і патрэб”, — адзначыла Марын. У сувязі з 30-й гадавінай Канвенцыі аб правах дзіцяці спецдакладчык заклікала беларускія ўлады ўнесці змяненні ў Крымінальны кодэкс „у адпаведнасці з узятымі на сябе канвенцыйнымі абавязацельствамі”.

Марын выказала шкадаванне з нагоды таго, што праблема ўжывання наркотыкаў і залежнасці ад іх разглядаецца ў рамках крымінальнага судаводства, а не як праблема аховы здароўя, якая павінна вырашацца з дапамогай мер, заснаваных на правах чалавека. Яна нагадала, што арышт, затрыманне або турэмнае зняволенне дзіцяці выкарыстоўваюцца толькі ў якасці крайняй меры і на працягу як мага больш кароткага часу.

Спецдакладчык адзначыла, што ўмовы ўтрымання гэтых дзяцей былі адзначаны як нездавальняючыя, з абмежаваным доступам да медыцынскай дапамогі і адукацыі, суровым пакараннем за дробныя парушэнні рэжыму, прымусовай працай і абмежаваннем кантактаў са сваякамі.

„У некаторых выпадках былі таксама зафіксаваныя парушэнні гарантый належнай прававой працэдуры, — адзначыла Марын. — Адносіны да дзяцей, якія знаходзяцца пад вартай, павінны спрыяць развіццю ў дзіцяці пачуцця годнасці і садзейнічаць яго рэінтэграцыі і выкананню ім карыснай ролі ў грамадстве”.

Прадстаўнік ААН вітала змяненні ў рамках закона аб амністыі, прынятага ў гэтым годзе з мэтай скарачэння турэмнага зняволення на два гады для асоб, асуджаных за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, якія былі дзецьмі на момант учынення злачынства. Аднак яна шкадуе, што гэта прымяняльна толькі да тых, хто адбывае больш кароткія тэрміны зняволення.

„Я таксама заклікаю ўрад перагледзець заканадаўства аб наркотыках і сістэму ювенальнай юстыцыі, у прыватнасці, з мэтай распрацоўкі альтэрнатыў турэмнаму зняволенню”, — сказала Анаіс Марын.

belapan.by

Фота n-europe.eu