Спроба змены ўлады ў Габоне задушана



Улады афрыканскай дзяржавы Габон здушылі спробу збройнага перавароту, арганізаваную групоўкай высокапастаўленых вайскоўцаў, паведаміла Associated Press.

Паводле звестак агенцтва, урадавыя войскі, якія кантралююць сталіцу дзяржавы Лібрэвіль. прымянялі слёзацечны газ для разгону каля 300 дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцу па закліку арганізатараў перавароту.

Прэс-сакратар ураду габона Гі-Бертран Марангу паведаміў радыё  RFI, што дзяржаўныя сілавыя органы затрымалі чатырох з пяці змоўшчыкаў, якія назвалі сябе ўдзельнікамі „Патрыятычнага руху ваенных і спецслужб Габона”, яшчэ адзін абвешчаны ў вышук.

Пра спробу перавароту ў Габоне стала ведама раніцай 7 студзеня па беларускім часе. Вайскоўцы з ліку арганізатараў заявілі, што збіраюцца аднавіць у краіне дэмакратыю. Таксама яны заклікалі жыхароў выходзіць на вуліцы.

Прэзідэнт Габона Алі бен Бонга Андзімба зараз знаходзіцца на лячэнні ў Марока пасля перанесенага інсульта. Ён кіруе краінай з 2009 года. У 2016 годзе ён абвесціў сябе пераможцам новых выбараў, вынікі якіх не прызнала апазіцыя.

Беларускае Радыё Рацыя