Спроба знішчыць Tut.bу: прычыны і наступствы



Чаму адбылася атака на Тut.by і якія будуць наступствы, разважае ў сваім  тэлеграм-канале вядомы беларускі палітолаг Валер Карбалевіч. 

„Улады ня надта хаваюць палітычную падаплёку сваёй атакі на найбуйнейшы інфармацыйны рэсурс. Бо фармальная падстава для пагрому выглядае зусім дзіўна, – піша аналітык. – Крымінальная справа заведзеная паводле артыкулу аб ухіленні ад выплаты падаткаў. Нібыта кампанія незаконна атрымала статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ) у 2019 годзе і незаконна карысталася падатковымі льготамі. Дык калі закон парушаны, то парушальнікам з’яўляецца адміністрацыя ПВТ, а не Tut.by. І ўвогуле, закон ня мае зваротнай сілы, гэта азбука правасуддзя.

Другі момант. Калі заведзена крымінальная справа з нагоды ўхілення ад падаткаў, то навошта блакаваць інтэрнэт-рэсурс Tut.bу і ягоныя копіі? Высвятляецца, што ў той самы час Генеральная пракуратура і Міністэрства інфармацыі заўважылі яшчэ адно парушэнне. Аказваецца, на сайце змяшчалася інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL. Незарэгістраванага менавіта ў Беларусі. Але ў Беларусі не зарэгістраваныя шмат якія міжнародныя арганізацыі (ААН, NATO, ШОС і інш.) Ці азначае гэта, што пра дзейнасць гэтых арганізацый таксама нельга пісаць?

Значыць, улады вырашылі ня моцна абцяжарваць сябе юрыдычным бокам справы. Бо як ні тлумач, нельга схаваць, што атака на Tut.by — гэта спроба нейтралізаваць найбуйнейшы незалежны інфармацыйны рэсурс, якім карыстаецца большасьць беларусаў, якія маюць доступ да інтэрнэту. Паводле дадзеных Gemius, Tut.by мае 3,303 млн рэальных карыстальнікаў у байнэце і 62,58% ахопу ў краіне.

Такім чынам, улады зрабілі рашучы крок у тым кірунку, які нядаўна анансаваў міністар замежных спраў Уладзімір Макей. 10 красавіка ён пагражаў, што калі заходнія санкцыі павялічацца, то «ня будзе той грамадзянскай супольнасьці, пра якую так клапоцяцца нашы еўрапейскія партнёры».

Нагадаю, што летась, у самы кульмінацыйны момант народных пратэстаў, калі былі заблакаваныя шмат якія незалежныя інтэрнэт-рэсурсы, Tut.by не блакавалі. Магчыма, таму, што гэты сайт чыталі многія чыноўнікі, прыхільнікі Лукашэнкі. А вось цяпер на такі крок адважыліся.

Думаецца, што тут дзейнічае хутчэй інстынкт самазахаваньня, чым рацыянальная логіка. Зачысьцілі вуліцу — пратэст перайшоў у інтэрнэт. Дык вось цяпер пачаўся наступ на інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы. Улады намерваюцца цалкам зачысціць грамадска-палітычную прастору да пачатку электаральнай кампаніі (рэферэндуму і мясцовых выбараў).

Ня думаю, што ўлады пралічылі ўсе магчымыя наступствы, плюсы і мінусы гэтага рашэння. А яны даволі негатыўныя для самой улады. Бо вярнуць манаполію на інфармацыю такімі дзеяннямі не атрымаецца. Аўдыторыя Tut.by пяройдзе на сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы.

Можна вынесці за дужкі міжнародную рэакцыю, бо яна цяпер ня надта турбуе афіцыйны Менск. Але пагром Tut.by не ўзрадуе тых супрацоўнікаў дзяржапарату, прыхільнікаў Лукашэнкі, якія карысталіся гэтым рэсурсам.

Тут больш важныя эканамічныя наступствы. Гэтае рашэнне напужае бізнэс у цэлым, магчымых новых інвестараў. І асабліва паскорыць адток з ІТ-сектару. Бо фактычна пастаўленая пад сумнеў рэгістрацыя ўсіх рэзідэнтаў ПВТ. Забіраць задняй датай ільготы, вызначаныя прэзідэнцкім дэкрэтам — гэта прэцэдэнт. З такімі самымі прэтэнзіямі цяпер могуць прыйсці да любой кампаніі ПВТ. Гэта ўвогуле разбурае падмурак, на якім у любой краіне будуюцца эканамічныя адносіны.

Але калі пачынаюць дамінаваць уладныя інстынкты, то часам не да разважанняў”, – падсумоўвае палітолаг.