Сталі вядомыя дэталі размовы Трампа з Пуціным



У Белым доме і Крамлі далі ацэнку тэлефонных перамоваў прэзідэнтаў ЗША і Расеі. Уладзімір Пуцін у суботу стаў трэцім па ліку кіраўніком, з якім прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў тэлефонныя перамовы. У афіцыйным паведамленні Белага дома адзначаецца, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін патэлефанаваў прэзідэнту Дональду Трампу, каб павіншаваць яго з уступленнем на пасаду. Тэлефонная размова доўжылася каля гадзіны.

Два лідары абмеркавалі пытанні шматбаковага супрацоўніцтва ў барацьбе з «Ісламскай дзяржавай», а таксама супрацоўніцтва ў мэтах забеспячэння міру і стабільнасці ў розных рэгіёнах, уключна з Сірыяй, паведамляе «Голас Амерыкі». Гэтая тэлефонная размова, гаворыцца ў паведамленні, «стала сімвалічным стартам у справе паляпшэння адносін паміж Злучанымі Штатамі і Расіяй, якія маюць патрэбу ў аднаўленні». Белы дом адзначае, што прэзідэнты Трамп і Пуцін спадзяюцца, што пасля гэтай размовы абодва бакі змогуць дзейнічаць разам хутка і энергічна супраць тэрарызму і іншых выклікаў, якія ўяўляюць агульную пагрозу. У паведамленнях, апублікаваных інфармацыйнымі агенцтвамі са спасылкай на прадстаўнікоў Крамля, паведамляецца, што кіраўнікі дзвюх дзяржаў збіраюцца паспрабаваць аднавіць адносіны паміж ЗША і Расеяй.

Фота Reuters