Станіслаў Карчэўскі прыняў удзел у форуме „Добрасуседства” ў Менску



У Менску 7 чэрвеня адбыўся ужо 22-гі па ліку гаспадарчы форум „Добрасуседства-2019”. У яго працы прынялі ўдзел сотні кіраўнікоў прамысловасці і бізнесу, сельскай гаспадаркі, транспарту, навукоўцаў розных галінаў. У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня Рады Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч і маршалак Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі.

У сваім выступе маршалак Сенату сказаў, што адчувае вялікую радасць з-за развіцця палітычнага дыялогу паміж Польшчай і Беларуссю:

– Палітычныя размовы, палітычныя рашэнні вельмі важныя для таго, каб затым размаўляць пра гандлёвы, эканамічны абмен, інвестыцыі. Нам вельмі важна, каб дыялог працягваўся і супраца паміж Польшчай і Беларусюю развівалася.

Вельмі шмат нас злучае. Дзеліць нас мяжа, але трэба зрабіць так, каб гэтая мяжа нас таксама і злучала, – падкрэсліў маршалак Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі. 

Як сказаў у сваім выступе на гэтым мерапрыемстве старшыня Рады Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч, арганізатары запланавалі шмат новага. Упершыню тэматыка форуму ахоплівае адразу некалькі важных для Беларусі і Польшчы накірункаў:

– Бізнес, трансгранічнае супрацоўніцтва і партнёрства, навука, адукацыя. Высокі статус нашаму мерапрыемству надае ўдзел у ім кіраўніка Сенату Польшчы. Гэта стала магчымым, дзякуючы ўмацаванню даверу і ўзаемнай зацікаўленасці бакоў у актуалізацыі нашых адносін. Для Беларусі Польшча важны і перспектыўны партнёр у Еўрапейскім Звязе. Паміж нашымі краінамі актывізаваўся палітычны дыялог, міжпарламенцкія і міжурадавыя кантакты набылі сістэмны характар.

Узмацоўваюцца гандлёва-эканамічныя сувязі. А гэта, у сваю чаргу, добры знак і спрыяльныя ўмовы для бізнес-супольнасці, – адзначыў Міхаіл Мясніковыі.

Па выніках 2018 года ўпершыню за апошнія 8 гадоў аб’ём узаемнага гандлю паміж нашымі краінамі дасягнуў 8 міліярдаў 550 міліёнаў даляраў ЗША. Польскія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі за мінулы год склалі 445 міліёнаў даляраў. Але ёсць магчымасці павялічыць паказчыкі нашага ўзаемнга супрацоўнітва, – падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.   

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота БелТА