Станіслаў Шушкевіч: Каму патрэбен сцяг па размеркаванні?



Былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў новую ідэю ўладаў – раздаваць людзям падчас перапісу насельніцтва дзяржаўныя сцягі.

Як вядома, не так даўно падчас мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю камсамола, адна аспірантка прапанавала раздаць кожнай сям’і падчас перапісу насельніцтва па дзяржаўнаму сцягу.

Аляксандр Лукашэнка ідэю падтрымаў і даручыў заняцца ёй кіраўніку сваёй адміністрацыі Наталлі Качанавай.

Станіслаў Шушкевіч: У Злучаных Штатах ёсць Дзень памінання загінулых, і я бачыў, як гэта адбываецца на Арлінгтонскіх могілках. Людзі прыходзяць, і па дарозе можна купіць сцяг Злучаных Штатаў Амерыкі. Купляюць, ідуць на могілкі і ставяць на могілках дзяржаўны сцяг. Дык, калі нашым уладам сёння няма куды падзець гэтыя сцягі, пастаўце іх на могілкі сталінскім ахвярам у Курапатах, як прабачэнне ад новага ўрада.

РР: Мяркуеце, што ідэя не вартая рэалізацыі?

Станіслаў Шушкевіч: У даваенныя і пасляваенныя савецкія часы прыватныя дамы, якіх у Менску было шмат, абыходзіла міліцыя і казала, што на свята трэба павесіць над сваім домам дзяржаўны чырвоны сцяг. Нешта і зараз падобнае адбываецца. Але калі ў людзей няма ў душы жадання зацвердзіць гэты сцяг, а трэба хадзіць з ім па размеркаванні, то каму гэта патрэбна? Многім больш даспадобы нацыянальны сцяг – бел-чырвона-белы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя