Станіслаў Шушкевіч: Мы думалі, што нешта здарылася ў «Соснах»
Былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч успамінае пра падзеі 30-гадовай даўніны, калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС.
Станіслаў Шушкевіч: Падчас трагедыі на Чарнобыльскай АЭС у нас ва ўніверсітэце быў студэнцкі практыкум па малых дозах радыяцыі. І адна студэнтка, памятаю, паказала выкладчыцы вынікі сваёй працы. Тая паглядзела і кажа: «Вы моцна наблыталі лічбы, такое дагэтуль нікому не ўдавалася». Студэнтка пайшла, зрабіла новыя замеры і ізноў прыносіць ранейшыя вынікі – радыёактыўнасць вельмі вялікая. Разам з выкладчыцай вырашылі праверыць прыборы, усё ў норме. Але апаратура ўпарта паказвала павышаны радыёактыўны фон у будынку БДУ — насупраць Дома ўраду. Напачатку вырашылі, што падзьмуў вецер з боку пасёлка Сосны, дзе знаходзіўся Інстытут ядзерных выпрабаванняў. Маўляў, там нешта здарылася. Патэлефанавалі туды, нам адказалі: «У нас нічога не здарылася, але мы таксама зафіксавалі высокі ўзровень радыяцыі». Усе зразумелі, што недзе адбылася сур’ёзная аварыя, але маштаб катастрофы тады не маглі нават уявіць. А пасля ўсё стала на свае месцы.
РР: Якія, на ваш погляд,урокі зрабілі беларусы з Чарнобыльскай трагедыі?
— Цяжка сказаць… Момантамі мне падаецца, што ўсё ж Чарнобыль шмат чаму навучыў беларусаў, але я не маю дакладных крыніц інфармацыі на гэтую тэму і не магу даць ацэнку рэальнай сітуацыі. Мне падаецца, былі і правільныя захады па ліквідацыі наступстваў трагедыі, і не вельмі правільныя.
РР: Сёння ў Беларусі будуецца новая АЭС. Ваша стаўленне да гэтага?
— Ведаеце, я не хацеў бы спяваць хорам, таму перакананы, што станцыя краіне патрэбна. Нам неабходна крыніца электраэнергіі, а таму лагічна звярнуцца да ядзернай энергіі. Але што да выбару пляцоўкі, дык я абсалютна ўпэўнены, што гэтая палітычная акцыя накіравана супраць краін-суседзяў. Па сутнасці не было з гэтай нагоды кансультацый з вядомымі беларускімі спецыялістамі, якіх не запрасілі на абмеркаванні. Таму, мяркую, тут прысутнічае палітычны аспект. І аспект – не вельмі прыстойны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
