Станіслаў Шушкевіч: Не варта прыніжацца да кантактаў з “палаткай”



Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў пацяпленне адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Варшавай.

stanislav-shushkevich

На думку першага кіраўніка незалежнае Беларусі, міждзяржаўны дыялог павінен весціся, але польскім палітыкам трэба больш уважліва ставіцца да таго, як яны яго ажыццяўляюць:

– Час ад часу польскія дзеячы неяк забываюць, што яны маюць справу з дыктатарам і яго атачэннем, якія твораць вельмі непрыстойныя рэчы, і таму не прытрымліваюцца тых падыходаў, тых прынцыпаў, на якіх павінна быць гэтая размова. Успрымаць так званы беларускі парламент, як нармальны, гэта проста недапушчальна для тых самых сенатараў, для тых самых дэпутатаў Сейма, якія абіраюцца на справядлівых выбарах. Яны не павінны прыніжацца да такога ўзроўню.

Станіслаў Шушкевіч таксама выказаў сваю занепакоенасць выказваннем маршалка Сената Станіслава Карчэўскага, які назваў Лукашэнку “цёплым чалавекам”, а таксама выразіў сваю трывогу ў сувязі з перафарматаваннем праграмы Кастуся Каліноўскага. Былы старшыня Вярхоўнага Савета дадаў, што беларусам патрэбна польская падтрымка ў адукацыйнай і інфармацыйнай сферы:

– Мы павінны ў Беларусі ўсё зрабіць самі для дэмакратызацыі, але нам вельмі патрэбная дапамога адукацыйная, нам патрэбная дапамога мас-медыйная, таму што ў нас прапаганда расейская і ўрадавая беларуская ўвесь час цягне не ў той бок. Астатняе мы павінны зрабіць самі.

Станіслаў Шушкевіч таксама выразіў падзяку Польшчы за падтрымку тэлеканала “Белсат” і Беларускага Радыё “Рацыя”.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя