Станіслаў Шушкевіч: Татараў Крыму пазбаўляюць радзімы
Парламент крымска-татарскага народа – Меджліс – трапіў пад забарону. Напярэдадні пра гэта заявіла пракурор Крыму Наталля Паклонская.
Цяпер органу кіравання карэннага насельніцтва паўвыспы забараняецца карыстацца ўсімі сродкамі масавай інфармацыі, праводзіць публічныя масавыя сустрэчы, выкарыстоўваць банкаўскія ўнёскі і наогул праводзіць любую працу.
У Вільні акурат завяршае сваю працу міжнародная канферэнцыя, прысвечаная пераследу крымскіх татараў расейскімі ўладамі. Сярод яе ўдзельнікаў – першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:
– Я бачыў прадстаўнікоў Меджліса крымска-татарскага народа. Гэта найгоднейшыя людзі, якія прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў, якія разумеюць, што такое сучаснасць, якія хацелі б жыць на сваёй роднай зямлі па-людску. І зямля, з каторай іх сагналі ў іншыя месцы, яна для іх стала фактычна немагчымай. Яе засяляюць рознымі людзьмі з усёй тэрыторыі Расеі і хочуць знішчысць там усё татарскае, што было з даўніх часоў.
Як кажа беларускі палітык, еўрапейская і міжнародная супольнасць не павінна забываць аб праблемах карэннага насельніцтва Крыму. Хоць магчымасці дапамогі лічыць дастаткова абмежаванымі:
– Яны прымуць шэраг дэкларацый на гэтую тэму. Гэта цалкам адпавядае еўрапейскаму падыходу. А ці можа быць больш радыкальная дапамога? Гэта пытанне складанае.
У канферэнцыі ў Вільні бяруць удзел крымска-татарскія лідары Мустафа Джамілеў і Рэфат Чубараў. Днямі таксама Сейм Літвы асудзіў парушэнні правоў чалавека ў акупаваным Крыме. У прынятай рэзалюцыі гаворыцца, што пасля анэксіі Крыму Расеяй, жыхары, якія адмовіліся прыняць расейскае грамадзянства, адчуваюць дыскрымінацыю ва ўсіх сферах свайго жыцця.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
