Старшыні БНФ Рыгору Кастусёву падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай
Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы – да 12 лютага 2022 года. Пра гэта распавяла дачка палітыка Кацярына Кастусёва.

Зараз Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў рэспубліканскай турэмнай бальніцы ў СІЗА-1 па вуліцы Валадарскага ў Менску, куды яго перавялі напрыканцы лістапада з СІЗА КДБ у сувязі з абвастрэннем шэрагу хваробаў.
Кацярына Кастусёва распавяла сайту “Магілёўскі рэгіён”, што на мінулым тыдні яна наведала СІЗА-1 і паразмаўляла з лекарамі Рэспубліканскай бальніцы для асуджаных. Па яе словах, лекар пацвердзіў, што ў бацькі анкалагічнае захворванне, але разам з тым сцвярджаў, што патрэбы ў тэрміновай аперацыі пакуль няма. Медыкам зараз важна ведаць вынікі аналізаў Кастусёва шматгадовай даўніны, каб назіраць за дынамікай захворвання і выбраць правільныя метады лячэння, сказаў ёй доктар. Для атрымання гэтай інфармацыі медыкам патрэбна зрабіць запыт у бальніцу, у якой Кастусёў назіраўся, калі знаходзіўся на волі. Чаму ў турэмнай бальніцы не зрабілі гэтага раней, калі летам гэтага года Рыгор Кастусёў праходзіў курс лячэння ў турэмнай бальніцы ў СІЗА-1 на Валадарскага, Кацярына не разумее. Тады Рыгора Андрэевіча перавялі ў турэмны шпіталь з-за праблем з сэрцам.
Доктар таксама паведаміў Кацярыне Кастусёвай, што вынікі апошняга УГД сэрца Кастусёва паказалі рубец на сэрцы, палітык “на нагах” перанёс інфаркт. Разам з тым урач нічога не распавёў пра тое, якім чынам у бальніцы збіраюцца лячыць Кастусёва. Пакуль дактары робяць неабходныя аналізы і праводзяць разнастайныя даследванні наконт стану яго здароўя.
Кацярына кажа, што днямі з бацькам у турэмным шпіталі сустракаўся адвакат. Рыгор Андрэевіч адчувае сябе лепш, трымаецца малайцом. Разам з тым Кастусёў не ведае, якое рашэнне наконт яго далейшага лячэння прымуць дактары.
Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове яшчэ 12 красавіка гэтага года. Старышню БНФ абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ўлады. З таго часу палітык знаходзіцца за кратамі. Рыгор Андрэевіч неаднаразова падаваў хадайніцтвы аб змене меры стрымання ў сувязі са станам здароўя, аднак яны адхіляліся альбо ігнараваліся.
Кацярына Кастусёва распавяла “Магілёўскаму Рэгіёну”, што супрацоўнікі КДБ днямі паведамілі ёй аб накладанні арышту на аўтамабіль бацькі. Верагодна, пра стары аўтамабіль забыліся, калі раней накладалі арышт на кватэру і гараж палітыка ў Шклове, яго бацькоўскую хату ў аграгарадку Цяхцін Бялыніцкага раёна, а таксама на кватэру ў Магілёве, дзе жыве маці жонкі палітыка Ларысы Кастусёвай (пажылая 81-гадовая жанчына перааформіла гэтую кватэру на сваю дачку).
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў
Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік.
Служыў у войску (1975-1977).
Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы “Друць” Бялыніцкага раёна (1983-1988), дырэктарам гаспадаркі “Іскра” Бялыніцкага раёна (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыллёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001).
Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла ─ Белая Русь” у Магілёве (2002-2004).
Ад 1989 года ўдзельнічае ў палітычнай дзейнасці.
У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 года — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У перыяд ад 2009 года да 2017 года быў намеснікам старшыні Партыі БНФ.
Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.
У 2004, 2008, 2016 гадах на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе, у 2019 годзе вылучаўся ў Менску. У 2012 годзе зняў сваю кандыдатуру з парламенцкіх выбараў у адпаведнасці з рашэннем З’езду Партыі БНФ.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 года ўзначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.
Рашэннем З’езду Партыі БНФ 2010 года быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных звестак заняў на выбарах чацвёртае месца з 10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбарцаў (1,97% галасоў). Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэнні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту пасля выбараў 19 снежня 2010 года, быў збіты спецслужбамі, арыштаваны і кінуты ў следчы ізалятар КДБ. Адзіны з кандыдатаў, які падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваннем прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі.
30 верасня 2017 года на XVIII З’ездзе Партыі БНФ (XV З’езд Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”) быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы тэрмін у лістападзе 2020 года.
Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей.
