Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву патрэбна тэрміновая аперацыя



Накладзены арышт на маёмасць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Пра гэта ён паведаміў у лісце з-за кратаў. Арышт накладзены на кватэру ў Шклове, гараж і дом у вёсцы.

„Будуць яшчэ арыштоўваць і машыну”, — цытуе ліст Кастусёва тэдеграм „Навінаў„. Пад вартай Рыгор Кастусёў знаходзіцца з красавіка, яго затрымалі па справе „аб замаху на Аляксандра Лукашэнку”. Яшчэ ў жніўні стала вядома, што ў 64-гадовага палітыка падазрэнне на анкалогію. У лісце ён піша, што з 14 кастрычніка яго пачалі лячыць: штодня два ўколы і даюць шмат таблетак.

„Гавораць, што сітуацыю можа выправіць толькі аперацыя, — піша Кастусёў. — Прычым тэрміновая”. Лячэнне пачалося пасля чарговага абследавання, якое паказала пагаршэнне сітуацыі. Што да следства па крымінальнай справе, то следчыя дзеянні не праводзяцца некалькі месяцаў.